7 верасня 2026, панядзелак, 19:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе працавалі 22 беларусы, якіх выслалі з Літвы як пагрозу нацыянальнай бяспецы?

Дзе працавалі 22 беларусы, якіх выслалі з Літвы як пагрозу нацыянальнай бяспецы?

ІТ-кампанія схавала сувязі з расійскай і беларускай ваеннай прамысловасцю.

У Літве абвясцілі пра завяршэнне гучнай справы. ІТ-кампанія схавала сувязі з расійскай і беларускай ваеннай прамысловасцю, махляравала з грантам ЕС. Двух беларусаў асудзілі, 22 — выслапі з краіны як пагрозу нацыянальнай бяспецы. У афіцыйных рэлізах не называюць ІТ-кампанію. Судзячы па апублікаваных даных, справаздачы літоўскай разведкі за 2025 год і матэрыялах расследавальнікаў, у цэнтры скандалу магла апынуцца група кампаній з беларускімі каранямі NTLab, піша Devby.

Касмічны грант для загадкавай кампаніі

І ў нядаўніх публікацыях літоўскіх СМІ, і ў заяве Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы няма важнай дэталі — назвы кампаніі, якой кіравалі і ў якой працавалі гэтыя людзі.

Заяўляецца толькі, што гэта літоўская тэхналагічная кампанія, якая ўдзельнічала ў адным з праектаў Агенцтва ЕС па касмічнай праграме EUSPA і махлярскім шляхам атрымала ад Агенцтва амаль 0,5 млн еўра. Праект быў звязаны са стварэннем прыёмнікаў спадарожнікавай навігацыі высокай дакладнасці для выкарыстання ў сельскай гаспадарцы.

Яшчэ адна важная дэталь, на якую звяртае ўвагу літоўскі ДГБ, — гэта сувязі кампаніі з расійскай і беларускай ваеннай прамысловасцю.

Служба расследавання фінансавых злачынстваў пры МУС Літвы 1 верасня апублікавала дакладныя лічбы: EUSPA выдзеліла кампаніі 745 453,67 еўра, з якіх кампанія паспела фактычна атрымаць 447 272 еўра.

Вядома таксама, што двое абвінавачаных прызналі віну ў махлярстве, падробцы дакументаў і незаконным прысваенні сродкаў ЕС і ўжо вярнулі ўсю атрыманую суму.

Праўда, назвы кампаніі ў паведамленні СРФЗ таксама не было.

На сайце EUSPA няма слядоў падобнага гранта для літоўскай кампаніі. Відаць, інфармацыю пра скасаванае грантавае пагадненне выдалілі з афіцыйнага рэестра, яна не захавалася і ў вэб-архіве.

Дэанон ад спецслужбаў

Інфармацыя пра падобны выпадак знайшлася ў штогадовым сумесным публічным дакладзе аб ацэнцы пагроз нацыянальнай бяспецы Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі і Другога дэпартамента аператыўных службаў Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы.

У прыватнасці, разведчыкі пішуць пра літоўскія кампаніі NTLab і Kosminis Vytis, заснаваныя грамадзянінам Беларусі, які кіраваў бізнесамі разам са сваімі дзецьмі.

Паводле даных літоўскіх спецслужбаў, кампаніі NTLab і Kosminis Vytis паведамлялі сваім кліентам і партнёрам, што з'яўляюцца літоўскімі кампаніямі і не маюць сувязяў з Расіяй і Беларуссю. Аднак, як лічаць разведчыкі, яны нібыта падтрымлівалі сувязі з расійскай і беларускай ваеннай прамысловасцю праз беларускія і расійскія юрыдычныя асобы. У дакладзе згадваюцца назвы такіх юрыдычных асоб, як Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь і інавацыйны цэнтр «Сколкава» ў Расіі.

Па ініцыятыве спецслужбаў літоўскія ўлады яшчэ вясной 2025 года прызналі гэтыя кампаніі ў Літве «несумяшчальнымі з інтарэсамі нацыянальнай бяспекі» і забаранілі ім працягваць сваю дзейнасць у сферы высокіх тэхналогій.

Ананімная крыніца ў медыя

Даклад літоўскіх спецслужбаў — не адзінае сведчанне магчымай сувязі NTLab з цяперашняй дэпартацыяй 22 беларускіх айцішнікаў з Літвы.

Гісторыя з грантам EUSPA з'явілася ў літоўскім інфаполі ў снежні 2025 года. Тады СРФЗ Літвы абвясціла пра пачатак дасудовага расследавання ў дачыненні да «высокатэхналагічнай кампаніі», якая ашуканскім шляхам прыцягнула 1,06 млн еўра з фондаў падтрымкі ЕС, у тым ліку 745 тысяч еўра — ад EUSPA.

І тады дзяржаўныя органы Літвы таксама не публікавалі назву кампаніі.

Аднак літоўскі навінавы партал 15min.lt са спасылкай на «крыніцу, знаёмую з сітуацыяй», паведаміў, што ў расследаванні СРФЗ фігуруе назва кампаніі NTLab.

Сайт і каманда

Са студзеня 2023 па верасень 2025 года ў літоўскай NTLab працавала ад 20 да 25 чалавек. З студзеня 2026 года ў кампаніі значыцца толькі адзін супрацоўнік.

Паводле дадзеных вэб-архіва Wayback Machine, афіцыйны сайт кампаніі NTLab, ntlab.lt, перастаў абнаўляцца з сярэдзіны снежня 2025 года. А з чэрвеня 2026 года ён стаў недаступным.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках