26 красавiка 2024, Пятніца, 4:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лявон Баршчэўскі: «Пра акцыю на Дзяды стала імгненна вядома ў розных кутках Беларусі»

Калі 30 кастрычніка 1988 году ў Менску адбылося шэсьце на Дзяды, старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі быў у Наваполацку. Яму паставілі ў дэканаце ў расклад на гэты дзень заняткі. Але тое, што тады адбылося ў Менску, стала імгненна вядома ў розных кутках Беларусі.

“Дзяды 1988 году... Гэта ўжо быў пад’ём. Тады ўжо ў нас фактычна функцыянавалі так бы мовіць нефармальныя суполкі. Мы ня толькі ведалі ўсю інфармацыю, але яе распаўсюджвалі ў нас у Наваполацку, дзе я тады жыў. Мы надрукавалі тады спэцвыпуск такой паўлегальнай газэты і распаўсюджвалі “Праўду пра Дзяды” пасьля таго, што адбылося”, - сказаў Лявон Баршчэўскі ў інтэрв’ю “Радыё Свабода”.

Старшыня Партыі БНФ аб тых падзеях даведваўся ад відавочцаў.

“Той жа Ўладзімер Арлоў, Сяржук Сокалаў, якія выяжджалі і былі там у Менску. Яны ўдзельнічалі і, калі вярнуліся, адразу нам расказалі пра ўсё, што там адбывалася”, - узгадвае Лявон Баршчэўскі.

“Уразіла хлусьня, якая падавалася ў сродках масавай інфармацыі – у “Советской Белоруссии", “Звязьдзе”... А з другога боку, уразіла, як газэта “ЛіМ” асьвяціла гэтая падзеі ня згодна зь лініяй ЦК. Галоўны рэдактар Анатоль Вярцінскі праявіў тады такую грамадзянскую прынцыповасьць і мужнасьць. За што ён, дарэчы, быў выбраны потым дэпутатам Вярхоўнага Савету ў першым жа туры.

Газэта “ЛіМ” была ў той час самая чытаная газэта ў Менску. Яе з рук у рукі перадавалі. Купіць у кіёску было немагчыма. Гэта была адзіная газэта, якая пісала й пра гэтыя падзеі і, увогуле, антысталінскія публікацыі. Той жа артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва пра Курапаты”, - зазначае Лявон Баршчэўскі.

Нагадаем, 30 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў з часу першай масавай акцыі ў гонар памяці продкаў “Дзяды”.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках