26 красавiка 2024, Пятніца, 7:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Грамадская думка ў Еўропе -- на баку дэмакратычных сіл Беларусі» (Фота)

7
Андрэй Саннікаў: «Грамадская думка ў Еўропе -- на баку дэмакратычных сіл Беларусі» (Фота)

Першае ў гісторыі ўручэнне прызоў «Freedom to Create» стала знамянальным для Беларусі. Прысуджэнне прэстыжнай прэміі беларусам сведчыць аб тым, што еўрапейцы падтрымліваюць змагароў за свабоду нашай краіны.

Прыз «Freedom to Create» («Свабода творчасці») быў заснаваны дабрачыннай арганізацыяй Art Venture і міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Article XIX. Сярод пераможцаў галоўнай намінацыі стаў беларускі «Свабодны тэатр». Па правілах, арганізацыя, што атрымала прыз, намінуе на гэтую ўзнагароду адну з праваабарончых арганізацый сваёй краіны, якая вядомая сваёй дзейнасцю па абароне свабоды творчасці, правоў і свабод чалавека. Беларускі «Свабодны тэатр» намінаваў ініцыятыву Хартыя’97.

«Уручэнне прэміі адбывалася ўпершыню. І такое цікавае спалучэнне: кампанія, якая займаецца інвестыцыямі ў творчую дзейнасць, і вядомая праваабарончая арганізацыя заснавалі прэмію для заахвочвання свабоды творчасці і для таго, каб адзначыць праваабарончыя арганізацыі. Хочацца падзякаваць «Свабодны тэатр» за тое, што яны вылучылі Хартыю’97 на атрыманне прыза. У Лондане было бачна, наколькі высокая рэпутацыя ў нашага тэатра і якой павагай карыстаюцца ягоныя кіраўнікі. Гэта шчырая праява адносінаў да нашай краіны», -- лічыць міжнародны каардынатар Хартыі’97, адзін з лідэраў «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў.

Па меркаванні Саннікава, сёння ў свеце ўсё больш востра стаіць пытанне аб абароне ідэалаў свабоды і дэмакратыі.

«Мы на сваім прыкладзе ведаем, што некаторыя еўрапейскія палітыкі спрабуюць весці гульню з дыктатарскімі рэжымамі, у тым ліку і ў Беларусі, што, вядома, наўрад ці прывядзе да станоўчага выніку. Аб'яднаная Еўропа сёння – зона дэмакратыі, свабоды слова, таму можна ўпэўнена казаць: грамадская думка ў Еўропе -- на баку дэмакратычных сіл Беларусі. Іх адзнака сітуацыі ў нашай краіне – адназначная. Беларусь для іх – гэта краіна, дзе ўлады перашкаджаюць ажыццяўленню правоў і свабод чалавека, дзе няма свабодных выбараў і свабоднай прэсы, але ёсць палітвязні. Таму еўрапейцы і падтрымліваюць дэмакратычных сілы і змагароў за свабоду Беларусі. Тое, што першая прэмія была ўручаная беларускаму «Свабоднаму тэатру», як раз і дэманструе гэтую падтрымку», -- лічыць каардынатар Хартыі’97.

Нагадаем, што прыз «Freedom to Create» у асноўнай намінацыі, акрамя «Свабоднага тэатра» і Хартыі’97 атрымалі таксама зімбабвійскі драматург Конт Мланге, аўтар сатырычнай п'есы «Добры прэзідэнт» аб рэжыме Роберта Мугабы і пакістанска-нарвежская спявачка і праваабаронца Deeyah, таксама вядомая як Мусульманская Мадона. Драматург Конт Мланге вылучыў на атрыманне прэміі арганізацыю, якая змагаецца за раўнапраўе жанчын у Зімбабвэ.

На цырымоніі ўручэння прыза былі прадстаўленыя такія вядомыя арганізацыі, як Міжнародны ПЭН-цэнтр, Міжнародная арганізацыя па абароне правоў і свабод музыкаў, Міжнародная арганізацыя абароны правоў актораў і шматлікія іншыя. Прызы кіраўнікам «Свабоднага тэатра» Мікалаю Халезіну, Уладзіміру Шчэрбаню і Наталлі Калядзе, а таксама каардынатару Хартыі’97 Андрэю Саннікаву ўручаў выбітны брытанскі драматург Том Стопард, які пастаянна цікавіцца сітуацыяй у Беларусі і выкарыстае свой уплыў для таго, каб казаць праўду аб тым, што адбываецца ў нашай краіне.

Выступленне Андрэя Саннікава

Прэзідэнт арганізацыі Art Venture выступае на цырымоніі ўручэння прызоў

Прадстаўнікі "Свабоднага тэатра" з рэдактарам аддзела культуры газеты The Guardian

Том Стопард і Андрэй Саннікаў

Прамова Наталлі Каляды на цырымоніі ўручэння прызоў

У намінацыі «Малады прыз» перамог хіп-хоп гурт City of Rhyme, які прадстаўляў Бразілію.

З Томам Стопардам

Андрэй Саннікаў, Уладзімір Шчэрбань, Наталля Каляда, Мікалай Халезін

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках