19 красавiка 2024, Пятніца, 22:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінец беларусу -- не таварыш

20

Міністэрства абароны Беларусі плануе ўвесці абмежаванні на паездкі ва Украіну афіцэраў і цывільных чыноўнікаў,што маюць дасяг да вайсковых сакрэтаў. Абмежаванні плануецца ўвесці ў сувязі з практычна вырашаным пытаннем уваходу Украіны ў блок НАТО.

Нагадаем, упершыню Украіна заявіла пра свой намер увайсці ў НАТО з пяць год таму, хаця непразрыстыя намёкі на гэта гучалі і раней. Аднак рэальныя крокі ў гэтым кірунку Украіна, дакладней украінскія ўлады, пачалі здзяйсняць з 2005 году. З таго ж часу Расея пачала актыўна процідзейнічаць гэтаму працэсу, піша "Ежедневник".

Аднак на апошнім Саміце НАТО ў Бухарэсце пытанне ўваходу Украіны, а разам з ёй і Грузіі, у Паўночнаатлантычны блок было пастаўлена на павестку дня. З аднаго боку, саміт адклаў рашэнне пра далучэнне двух новых сябраў да Плану дзеянняў па сяброўстве (ПДС) у НАТО, аднак гарантаваў іх уваходжанне ў альянс у найбліжэйшай будучыні. Мала таго, агучваючы вердыкт высокага сходу, генсак НАТО Яап дэ Хаоп Схэфэр заявіў, што сяброўства ў блоку Украіны і Грузіі - пытанне вырашанае.

"Украіна не атрымала запрашэння да ПДС. Разам з тым кіраўнікі дзяржаваў прынялі рашэнне пра пачатак інтэнсіўных палітычных кансультацый з Украінай і Грузіяй на высокім палітычным узроўні, для таго каб узгадніць пытанні, што засталіся для рашэння пра пераход да выканання ПДС", - заявіў генсак. Па ягоных словах, рашэнне пра ўваход Украіны і Грузіі ў Паўночнаатлантычны звяз будзе прынята ў найбліжэйшы час.

Менавіта таму адразу пасля саміту дзяржсакратарка ЗША Кандаліза Райс заявіла, што дзверы ў НАТО для Грузіі і Украіны цяпер "не проста адамкнёныя, а шырока адчыненыя". "Сябры НАТО пагадзіліся з тым, што ў будучыні Грузія і Украіна папоўняць шэрагі арганізацыі, і гэта важней за усё", - сказала Райс.

Большасць экспертаў схіляецца да думкі, што, нягледзячы на ўсе высілкі Расеі, Украіна не пазней за 2009 год далучыцца да ПДС. Падобна, гэтага ж пункту гледжання трымаюцца і эксперты Міністэрства абароны Беларусі, дзе пачалі думаць пра тое, каб абмежаваць паездкі афіцэраў і цывільных чыноўнікаў МА, якія маюць дасяг да сакрэтаў. Вядзецца, вядома ж, не пра поўную забарону паездак, а пра запуск стандартнай працэдуры, дзейнай у тых выпадках, калі афіцэры ці грамадзянскія чыноўнікі, якія маюць дасяг да сакрэтаў, збіраюцца выехаць (напрыклад, на адпачынак) у краіны – сябры НАТО.

Гэтая працэдура прадугледжвае, што калі нехта з асобаў, падпадаючых пад абмежаванні, схоча паехаць, напрыклад, у Балгарыю, ён мусіць напісаць заяву кіраўніцтву з просьбай дазволіць яму гэтую паездку. Пасля запускаецца стандартная працэдура праверкі заяўніка з удзелам упраўлення вайсковай контрвыведкі КДБ. Калі нічога падазронага не выяўляецца, дазвол на выезд даецца.

Як бачна, сама працэдура не выяўляе з сябе нічога страшнага. Але шмат каму недаспадобы трапляць пад праверку кожны раз, як збярэшся паехаць з сям'ёй на адпачынак. Праз гэту прычыну шмат афіцэраў лічылі за лепшае адпачываць ва Украіне, абмежаванні на якую дагэтуль не пашыраліся.

Зараз жа сітуацыя зменіцца. У сувязі з цвёрдым намерам Украіны ўвайсці ў НАТО, МА ужо прапрацоўвае пытанне ўвядзення стандартных абмежаванняў для афіцэраў і цывільных чыноўнікаў, якія маюць дасяг да сакрэтаў. Пакуль жа іх папярэдзілі, што калі яны збіраюцца гэтым летам ехаць ва Украіну, яны мусяць падаць кіраўніцтву рапарт ці заяву. Гэта неабходна, каб МА магло ацаніць патэнцыйную небяспеку ўцечкі сакрэтнай інфармацыі.

У дадатак, носьбітаў сакрэтаў ужо папярэдзілі, што, магчыма, да пачатку сезону адпачынкаў будзе запушчана поўная працэдура праверкі выязджаючых ва Украіну.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках