18 траўня 2024, Субота, 9:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інфляцыя яшчэ страшней за дэвальвацыю

37
Інфляцыя яшчэ страшней за дэвальвацыю

Найбольшае зло для беларуса – інфляцыя, якая прагрэсуе, лічыць былы экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч. Рост інфляцыі ў краіне працягнецца.

-- Калі паводле афіцыйных дадзеных у 2006 годзе яна склала 6,6%, дык ў 2007-м - ужо 12,1%, а ў 2008-м - 13,3%, -- нагадаў Багданкевіч у інтэрв'ю газеце «Таварыш».-- Гэта значыць, кошты на спажывецкім рынку хутка растуць, абясцэньваючы грошы насельніцтва. Прычым адбываецца гэта больш хутка і хваравіта, чым паказвае дзяржаўная статыстыка. Рост коштаў і тарыфаў на асноўныя тавары і паслугі значна вышэй за сярэднестатыстычны паказчык. Так, кошты на харчовыя тавары выраслі за мінулы год на 15,9%, а на спажывецкія паслугі на 16,2%. А без прадуктаў харчавання, даху над галавой і паездак у транспарце не абыйдзецца ніхто. Больш за траціну беларусаў наогул не маюць не рубля на банкаўскіх дэпазітах. Ніякая дэвальвацыя для іх не страшная, як таму жабраку пажар. А вось ад дарагоўлі, якая расце, прыйдзецца несалодка.

Адкуль яна бярэцца? Бо быццам бы нафта таннее, ды і сыравіну ў перыяд крызісу таксама можна набыць танней. На першы погляд, у нашай рэсурсаёмістай эканоміцы павінны стварацца зараз умовы для зніжэння кошту. Аднак у Беларусі кошты не зніжаюцца, а растуць. Прычына, на мой погляд, у неразвітасці ўнутранага рынка, адсутнасці на ім належнай канкурэнцыі. Іначай і быць не можа пры адсутнасці эканамічнай базы для развіцця прадпрымальніцтва. Калі ў еўрапейскіх краінах малы і сярэдні бізнэс вырабляе каля паловы ВУП, дык ў нас - у межах 8-10%. Таму рост інфляцыі ў нашай краіне працягнецца, хаця ва ўсім свеце зараз кошты падаюць. Гэта наша плата за нерэфармаванасць эканомікі.

Найбольш вострая беларуская праблема - зніжэнне золатавалютных рэзерваў. За два апошнія месяцы яны скараціліся больш чым на 1 мільярд даляраў. Афіцыйныя асобы з ахвотай распавядаюць, што рэзервы ў 3 мільярды даляраў у краіны пакуль ёсць. А вось аб тым, што ў камерцыйных банкаў гэтыя рэзервы мінус 1,5 мільярды не кажа ніхто. Такім чынам, рэальныя рэзервы ў краіне прыкладна напалову меншыя, чым дэкларуюцца. А паводле дадзеных жа на 1 снежня Беларусь набыла за мяжой тавараў на 5,4 мільярда даляраў больш, чым там прадала. Крэдытаў МВФ, Расеі і Венесуэлы не хопіць, каб залатаць гэтую дзірку. Ізноў-ткі патрэбныя рэформы, каб змяніць структуру вытворчасці, перааснасціць яе тэхналагічна і скараціць імпарт. Прычым не спажывецкі, за які ўзяўся ўрад, а прамежкавых тавараў - сыравіны, энерганосьбітаў, камплектуючых.

Пакуль жа краіна жыве не па даходах і ўсё глыбей залазіць у пазыковую яму. Бяда нават не ў даўгах, а ў тым, што крэдыты марнуюцца на затыканне дзірак, нічога якасна не змяняючы ў айчыннай эканоміцы. Між тым, рэсурсы для таго, каб змяніць сітуацыю да лепшага, у Беларусі ёсць. Мы па-ранейшаму набываем у Расеі энергарэсурсы на ільготных умовах у параўнанні з іншымі краінамі. Акрамя таго, улада трымае ў банках 14 трыльёнаў рублёў свабодных сродкаў ці больш за 6 мільярдаў даляраў. Маюцца ўсе магчымасці, каб рэалізаваць эфектыўную праграму стабілізацыі эканомікі, ліквідаваць хваравітыя дысбалансы і па коштах, і па грашовай масе, і шмат якія іншыя… Патрэбная толькі палітычная воля, каб пачаць пераўтварэнні. А вось яе якраз-ткі цяперашняй уладзе і бракуе.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках