Шклозавод «Ялізава» так і не аднавіў працу
1- 21.01.2009, 13:34
На найбуйнейшай у Беларусі Ялізаўскай гуце не працуюць два з трох цэхаў. Іхнія работнікі знаходзяцца ў вымушаных адпачынках.
Кіраўніцтва кажа, што прычынай спыненьня стаў тэрміновы рамонт абсталяваньня. Акрамя таго, зазначаюць у адміністрацыі, існуюць цяжкасьці з збытам прадукцыі, выкліканыя крызісам, перадае «Радыё Свабода».
Пра спыненьне двух цэхаў паведаміў адзін з работнікаў гуты. Паводле яго, прадпрыемства мае праблемы з набыцьцём сыравіны:
«Зараз набываць шклабой даводзіцца ў Беларусі, але ён брудны, і важдацца шмат трэба, і ненашмат ён таньнейшы за замежны. А за мяжой каб набываць, трэба адмысловы дазвол. Першы й другі цэхі людзям працягваюць адпачынкі. Было да дваццатага студзеня, але цяпер працягваюць далей. Чацьвёрты цэх думалі спыняць, але перадумалі», - кажа працаўнік.
Кіраўніцтва Ялізаўскай гуты пацьвярджае, што два цэхі спыненыя, аднак прычыны называе іншыя — рамонт абсталяваньня.
«У нас нестае камплектуючых для рамонту. Камплектавалыя ідуць яшчэ з Кітаю. Гэта дужа далёка. Мытныя пытаньні дужа дарагія. Кожнаму не патлумачыш, бо камэрцыйных тэхнічных пытаньняў яны ня ведаюць. Мы асноўную масу людзей адправілі ў адпачынкі. Не за свой кошт, як некаторыя прадпрыемствы, а ў адпачынкі, то бок выплачваем адпускныя, каб людзі не пакутавалі», — тлумачыць сытуацыю на прадпрыемстве прадстаўнік адміністрацыі.
Паводле яго, кіраўніцтва зьбіраецца спыняць і той цэх, які цяпер працуе, — таксама для рамонту абсталяваньня.
Прадстаўнік адміністрацыі пацьвярджае, што на прадпрыемстве ёсьць цяжкасьці з вырабам прадукцыі, выкліканыя крызісам. Што гэта за цяжкасьці, ён не патлумачыў.
«Усе праблемы, якія існуюць у сусьветнай эканоміцы і эканоміцы нашай краіны, яны, канечне ж, і на нас адбіваюцца», - зазначыў прадстаўнік адміністрацыі.
Сумеснае беларуска-аўстрыйскае акцыянэрнае таварыства «Шклозавод «Ялізава» вырабляе шырокі асартымэнт шкляной прадукцыі — слоікі, бутэлькі, упакоўку. Семдзесят пяць адсоткаў прадукцыі прадае ў постсавецкія краіны. На ім працуе каля тысячы чалавек — гэта жыхары пасёлку Ялізава, а таксама Асіповічаў і Бабруйску.