Вольга Казуліна: «Лукашэнка не павінен быць запрошаны на саміт у Прагу»
22- 29.01.2009, 16:44
Дачка былога палітвязня Аляксандра Казуліна катэгарычна супраць запрашэння беларускага дыктатара на саміт ЕЗ.
Аб гэтым Вольга Казуліна заявіла ў інтэрв'ю тэлеканалу «Еўраньюс».
- Скажыце, калі ласка, ці адбываюцца рэальныя змены ў краіне, ці бачыце Вы паляпшэнне грамадска-палітычнай сітуацыі? Мы чулі аб тым, што прадстаўнікоў апазіцыі запрасілі ў грамадскія камітэты пры Адміністрацыі прэзідэнта. Што гэта значыць?
— Пакуль гэта не значыць нічога. Гэта зроблена, як і ўсё ў апошні час, для галачкі. Каб паказаць усім, што ўлада пачала ўлічваць меркаванне апазіцыі і выконваць патрабаванні Еўразвяза.
- Але «Народную волю» дазволілі прадаваць у кіёсках «Саюздруку»…
- Так. Але кіёскі «Белсаюздруку» па спецыяльным указанні зверху прымаюць для рэалізацыі толькі 5-10 асобнікаў газеты, якія, як Вы разумееце, раскупляюцца вельмі хутка. А калі людзі хочуць набыць газету, адказ адзін: «Усё раскупілі». Беларусы як не мелі магчымасць атрымліваць незалежную прэсу, так і не маюць яе зараз.
- Што, па Вашым меркаванні, трэба зрабіць уладам, каб Еўразвяз адмяніў санкцыі ў адносінах Беларусі?
- Уладам неабходна рабіць рэальныя крокі. Сітуацыя ў краіне практычна не змянілася. Нават палітычныя вязні засталіся - Аляксандр Баразенка і астатнія маладыя людзі па справе 14-ці па-ранейшаму знаходзяцца пад крымінальным пакараннем. Моладзевых лідэраў сёння гвалтоўна адпраўляюць у войска.
- Што Вы думаеце з нагоды таго, што Аляксандр Лукашэнка будзе запрошаны на саміт у маі?
- Еўразвяз даў Лукашэнку выпрабавальны тэрмін у якасці авансу, прыпыніўшы санкцыі ў адносінах Беларусі. За гэты час Лукашэнкай рэальна не было зроблена НІЧОГА. Усё для галачкі…
Мы заклікаем Еўразвяз судзіць аб дзеяннях Лукашэнкі па іх сапраўдных выніках:
1) Рэальнай свабоды СМІ як не было, так і няма.
2) Крымінальны кодэкс, па якім пераследуюцца грамадзяне Беларусі па палітычных матывах не зменены.
3) Выбарчае заканадаўства не змененае.
Такім чынам, ні аб якім дыялогу паміж Захадам і Беларуссю гаворка ісці не можа. Таму, я лічу, што Лукашэнка не павінен быць запрошаны на саміт.
- Кажуць, што апазіцыя ў Беларусі не адзіная, яна раздробленая…
– Гэта праўда, але збольшага. Так, у нас досыць шмат рознагалоссяў. Але ў істотным мы адзіныя — мы супраць дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, мы за свабоду і правы чалавека, мы за дэмакратыю. А гэта — самае галоўнае.