29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Бандажэўскі: Сітуацыя катастрафічная, але ў Беларусі замоўчваюць праблемы Чарнобыля

10

Былы рэктар Гомельскага медыцынскага інстытута, прафесар Юры Бандажэўскі даў ацэнку палітыкі беларускіх уладаў па чарнобыльскай праблематыцы.

На думку кіраўніка кіеўскага каардынацыйна-аналітычнага Цэнтра экалогіі і здароўя, прафесара Юрыя Бандажэўскага, у Беларусі няма комплекснай праграмы абароны здароўя людзей, якія пражываюць у зоне радыёактыўнага забруджвання пасля аварыі на ЧАЭС. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю «Deutsche Welle».

-- Як можна ахарактарызаваць цяперашнюю палітыку беларускіх уладаў па чарнобыльскім пытанні?

-- Кіруючыся ўказаннем Аляксандра Лукашэнкі, чыноўнікі зараз займаюцца не проста ліквідацыяй наступстваў катастрофы на ЧАЭС, а адраджэннем гэтых рэгіёнаў, аж да засялення чарнобыльскай зоны.

Сёння кантроль уплыву радыёактыўных элементаў на здароўе людзей цалкам знік, яго проста няма. Хаця паказчыкі стану здароўя сведчаць пра тое, што існуе вялікая небяспека, і мы застаемся ў гэтай жа «яме ўплыву» радыяцыі на арганізм чалавека.

У справаздачах людзей, якія афіцыйна адказваюць за здароўе нацыі, павялічваецца колькасць сардэчна-сасудзістых і анкалагічных хваробаў, існуе праблема захворванняў шчытападобнай залозы ў дзяцей, якія нарадзіліся ўжо ў XXI стагоддзі. Пра гэта ж казаў афіцыйны прадстаўнік упраўлення аховы здароўя Гомельскай вобласці на паседжанні Акадэміі Навук. Але няма тлумачэнняў, чаму зараз не прымаюцца меры па бяспецы здароўя людзей, якія жывуць у зоне радыёактыўнага забруджвання.

Ідзе палітыка замоўчвання, хаця сітуацыя са здароўем у гэтым рэгіёне катастрафічная. Павялічваецца смяротнасць і захворванне тых, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі і застаўся пражываць у гэтым рэгіёне. З аднаго боку такая жахлівая статыстыка, з іншага - невыкананне мераў, якія былі накіраваныя на канкрэтную абарону здароўя людзей.

- Наколькі бяспечныя для здароўя прадукты харчавання, вырабленыя на забруджанай тэрыторыі?

- Прадукты харчавання на тэрыторыі, якая забруджаная радыёактыўнымі элементамі, - гэта вар'яцтва. Калі на паверхні глебы лічыльнік не рэгіструе радыёактыўны цэзій, дык гэта азначае, што радыёактыўныя элементы проста мігравалі ў тоўшчу зямлі і знаходзяцца на ўзроўні каранёвай сістэмы. Увогуле, адбываецца трансфармацыя радыёактыўных элементаў у больш небяспечныя для здароўя людзей. Цэзій-137, распадаючыся, ператвараецца ў барый, а барый вельмі таксічны для арганізма чалавека. Людзі яго атрымліваюць з раслінамі і мясам жывёлаў.

Калі засяляць забруджаную зону, а пра такую палітыку сёння кажуць улады, патрэбная мадэль бяспечнага пражывання, над якой і працуе наш Цэнтр экалогіі і здароўя. Першым пунктам гэтай мадэлі павінна быць атрыманне чыстай прадукцыі, якая не ўтрымлівае радыёактыўныя элементы. Таму што людзі, якія пражываюць у чарнобыльскім рэгіёне доўгі час, ужо падпалі пад велізарнае ўздзеянне радыёнуклідаў. Як вынік - скажэнне абмену рэчываў, цалкам іншая сітуацыя са здароўем людзей. Галоўнае сёння - гэтае атрыманне чыстых прадуктаў і харчаванне чыстымі прадуктамі. А ў аснове любых праграмаў павінна быць здароўе людзей.

- Што, на ваш погляд, трэба зрабіць, каб палепшыць сітуацыю ў пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнах Беларусі?

- Я сёння не бачу тых інстытутаў у Беларусі, якія маглі б нешта зрабіць. Няма комплекснай праграмы абароны здароўя людзей, і наогул гэтая тэма не прысутнічае ў грамадстве. Такую праграму на ўзроўні асобных асацыяцыяў не вырашыць, гэта як з гарматы па вераб'ях паліць.

Дзяржава павінна прыняць такую канцэпцыю, дзяржаўная палітыка павінна быць накіраваная на абарону здароўя людзей. Але сёння такі пункт гледжання, які мы адстойваем, не падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках