19 красавiка 2024, Пятніца, 17:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Коммерсант»: Набліжаецца гадзіна «ікс» для Лукашэнкі

59
«Коммерсант»: Набліжаецца гадзіна «ікс» для Лукашэнкі

Учора ў Маскве сустрэліся прэм'ер-міністры Расеі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Сяргей Сідорскі.

Як піша Андрэй Калеснікаў у газеце «Коммерсант», чарговы прыезд Сяргея Сідорскага скончыўся запланаваным правалам і наблізіў гадзіну «ікс» не толькі для беларускага бюджэту, а і для яго асноўнага носьбіта Аляксандра Лукашэнкі.

Учорашняе сумеснае паседжанне ўрадаў Расеі і Беларусі праходзіла, як і мінулае, у маскоўскім «Прэзідэнт-гатэлі». Тады пачатак сустрэчы ў вузкім складзе запомніўся мне тым, што на ўваходзе ў залу ўсіх, у тым ліку і журналістаў, сустракаў Павал Барадзін, існуючы дзяржаўны сакратар неіснуючай «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, піша выданне.

Паўз яго не атрымалася прасачыцца незаўважаным фактычна нікому. Амаль кожны быў спынены Паўлам Паўлавічам Барадзіным, кожны выслухаў яго непазбежную показку. Магчыма, учора менавіта таму міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын і першы віцэ-прэм'ер урада Ігар Шувалаў паспрабавалі праскочыць вузкае месца як мага хутчэй, яшчэ да прыходу Паўла Барадзіна. Але ім на шляху ўсё роўна трапляўся Павал Паўлавіч, і некаторым нават не па адным разе.

Фатальную памылку пры гэтым здзейсніла, мабыць, толькі міністр сельскай гаспадаркі Расеі Алена Скрыннік, якая не проста не прайшла паўз Паўла Паўлавіча Барадзіна, але нават і прысела на канапку, што стаяла побач з ім. Павал Паўлавіч адразу сеў да Алены Скрыннік, папрасіў наблізіцца двух фатографаў і сказаў ім, каб яны знялі Паўла Паўлавіча Барадзіна і Алену Скрыннік разам. Ён прыабняў яе і шырока ўсміхнуўся камерам.

Да гэтага моманту міністр сельскай гаспадаркі ўжо зразумела, што яна нарабіла, непапраўна расслабіўшыся, але зрабіць нічога не магла і сядзела моўчкі, не варушачыся, разгубленая і пакорлівая сваёй долі, і слухала прызнанні Паўла Паўлавіча фатографам:

— У такія хвіліны, хлопцы, пачынаеш разумець: жыццё ўдалося!

Яно ўдалося дзяржсакратару «саюзнай дзяржавы», зрэшты, ненадоўга. Спадарыня Скрыннік усёткі змагла ўстаць з канапкі так, каб гэта не выглядала гэтак жа некультурна, як і ўсё, што было да гэтага.

Тады Павал Паўлавіч падышоў да двух журналістаў і сказаў ім крыху пакрыўджана, тлумачачы тое, што здарылася:

— Жанчына — таксама сябар чалавека.

Мяркуючы па ўсім, паводзіны Алены Скрыннік усёткі моцна закранулі яго за штосьці жывое.

— А вы ведаеце, навошта Пуцін лятаў у Польшчу? — спытаў Павал Паўлавіч у журналістаў.— Там ён пачуў прымаўку: «Каза ў хаце і жанчына ва ўрадзе — і тое і іншае кажа пра адно: што няма грошай». Дык вось, Пуцін ім сказаў, каб яны больш так не казалі.

Павал Паўлавіч Барадзін, зрэшты, не стаў афішаваць уласнага стаўлення да знакамітага польскага афарызму.

Між тым прайшла інфармацыя, што Пуцін выехаў з дома. Такім чынам, да яго прыезду засталося хвілінаў пятнаццаць. Удзельнікі перамоваў ужо сядзелі на сваіх месцах. Ігар Шувалаў і Аляксей Кудрын выглядалі прынцыпова задаволенымі жыццём. Яны толькі што выпілі каву ў бары «Аўрора», і жыццё ў іх, як і ў Паўла Паўлавіча Барадзіна, калі ён сядзеў на канапцы, мяркуўчы па ўсім, наладжвалася.

Беларускія перамоўшчыкі, якія сядзелі насупраць іх, выглядалі зусім наадварот. Трое з іх сядзелі за сталом, горка абхапіўшы галовы рукамі. Паперы з дакументамі «саюзнай дзяржавы» ляжалі на стале перад імі, разгорнутыя на адных, па-мойму, і тых жа старонках: дзе гаворка ішла аб рэгуляванні коштаў і пошлінаў.

Карціна была настолькі драматычная, што глядзець на яе без слёз было немагчыма.

Павал Паўлавіч Барадзін тым часам дачакаўся прыезду Уладзіміра Пуціна і Сяргея Сяргеевіча Сідорскага ў холе і ўвайшоў у залу разам з імі, што, безумоўна, падкрэслівала значнасць моманту сустрэчы адразу двух прэм'ераў сакратаром.

Беларускія газеты, зрэшты, напярэдадні прыезду Сяргея Сідорскага спрабавалі прынізіць ролю гэтага візіту і ўласна самога спадара Сідорскага. Так, загаловак беларускага агенцтва АФН быў наступным: «Новая вылазка Сідорскага ў Маскву за адказамі на адвечныя пытанні». «Без адказаў на гэтыя пытанні — пра газ, нафту, доступ на расейскі рынак, АЭС — Мінфін Беларусі пры ўсёй яго стараннасці наўрад ці зможа звярстаць зразумелы бюджэт на 2010 год, які не прыйшлося б ў спешцы карэктаваць ужо ў першыя тыдні новага года». Кажучы пра сустрэчу, якая не адбылася, міністра энергетыкі Беларусі Аляксандра Азярца з кіраўніком «Газпрама» Аляксеем Мілерам, беларускія журналісты пісалі, што «у расейскага манапаліста, вядома, знайшоўся б час для сустрэчы, калі б беларускія перамоўшчыкі гэтым разам здольныя былі нешта прапанаваць, акрамя звычайнага мыкання» (апошняя заўвага мела дачыненне хутчэй усёткі да сферы інтэрасаў Алены Скрыннік).

Пры гэтым беларуская прэса з надзеяй пісала пра тое, што, можа быць, атрымаецца перанесці з 2011 на 2015 год пераход Беларусі на «еўрапейскія роўнадаходныя кошты на расейскі газ, а таксама пра тое, што вырашальную ролю ў гэтай справе можа згуляць Мытны звяз Расеі, Беларусі і Казахстана, на які ў беларусаў наогул асаблівы разлік: яны хацелі б купляць расейскія энерганосьбіты па ўнутраных расейскіх коштах.

Зрэшты, расейскія перамоўшчыкі ў сувязі з гэтым не адчувалі ніякага дыскамфорту. Напрыклад, намеснік міністра энергетыкі РФ Анатоль Яноўскі перад пачаткам перамоваў сказаў, што ўсе праблемы можна вырашыць.

І агулам прыкладна зразумела, як. У прэс-рэлізе «Газпрама», распаўсюджаным незадоўга да гэтай сустрэчы, сказана, што «праўленню («Газпрама») даручана працягнуць працу з федэральнымі органамі дзяржулады (Расеі) па пераходзе да рынкавых прынцыпаў коштаўтварэння на газ, які пастаўляецца на ўнутраны рынак (Расеі), з 2011 года». З такім прэс-рэлізам можна было ўпэўнена ўваходзіць і не ў такі Мытны звяз (пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2010 года).

Адносна крэдытнага транша, які Беларусь хацела б атрымаць ад Расеі, таксама стварылася з'явілася яснасць. Аляксей Кудрын, адказваючы на пытанне журналістаў з гэтай нагоды ў фае «Прэзідэнт-гатэля», заўважыў, што «беларусы сваю заяўку не адклікалі», але нагадаў, што грошы могуць быць вылучаныя, як нядаўна стала вядома, толькі з антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, і з задавальненнем распавёў, што ніякіх дакументаў пра заснаванне гэтага фонду няма.

Уладзімір Пуцін у пачатку сустрэчы быў з Сяргеем Сідорскім нават больш ветлівы, чым звычайна (з таго часу як Аляксандр Лукашэнка распавёў расейскім журналістам сваю праўду пра прэм'ера Пуціна каля месяца таму, Сяргей Сідорскі з'яўляецца для расейскага прэм'ера, мяркуючы па ўсім, адзіным чалавекам, з якім можна абмеркаваць цяжкі лёс Беларусі на міжнароднай і ўнутранай арэне).

Расейскі прэм'ер заявіў, што доля Беларусі ў знешнегандлёвым абароце Расеі павялічылася за апошнія тыдні і што ён канстатуе гэта з задавальненнем.

Сідорскі, у сваю чаргу, без задавальнення канстатаваў, што пры гэтым агульны таваразварот паміж Расеяй і Беларуссю за год абрынуўся на 42%.

На перамовах у пашыраным складзе, паводле інфармацыі «Коммерсанта», ніякіх прарываў не здарылася. Чарговая вылазка ў Маскву Сяргея Сідорскага скончылася чарговым правалам і наблізіла, такім чынам, гадзіну «ікс» не толькі для беларускага бюджэту, але і для Аляксандра Лукашэнкі, якому ўсё роўна без гэтага бюджэту ніяк не вынесці эканоміку Беларусі на сваіх далікатных плячах.

У лістападзе Уладзімір Пуцін, выступаючы з выніковай заявай, з пачуццём глыбокага задавальнення высветліў, што «набліжаецца важная веха ў гісторыі нашых народаў: дзесяцігоддзе са дня ўтварэння «саюзнай дзяржавы».

— Мы маем намер годна падрыхтавацца да сустрэчы гэтай знамянальнай даты! — паведаміў расейскі прэм'ер.

Адпаведныя даручэнні «Газпраму» і Мінфіну будуць, відавочна, дадзеныя ў хуткім часе.

Дакладней, яны іх атрымалі даўно і паспяхова ператвараюць у жыццё.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках