У Рэчыцы супрацоўнікі ДАІ адкрылі агонь па аўтамабілі з падлеткамі
25- 27.11.2009, 15:59
Пасля шасці стрэлаў па колах аўтамабіль «Форд» з’ехаў у кювет. У салоне апынуліся жыхары Рэчыцы 15 і 16 гадоў.
Як паведаміў БелаПАН начальнік батальёна ДПС ДАІ Аляксандр Мельнікаў, ДАІ здолела спыніць рэчыцкіх падлеткаў-згоншчыкаў толькі пасля ўжывання зброі.
26 лістапада ў 4.30 супрацоўнікі ДАІ спрабавалі спыніць у Гомелі аўтамабіль «Форд-Эскорт», але кіроўца не адрэагаваў. Экіпаж ДАІ пачаў пераслед. Кіроўца «Форда» ствараў пагрозу ўдзельнікам дарожнага руху, а таксама спрабаваў скінуць з трасы аўтамабіль ДАІ.
Аўтамабілі выехалі за межы горада. Было прынята рашэнне аб ужыванні зброі. Але нават на папераджальныя стрэлы ў паветра згоншчыкі не рэагавалі. «Форд» рухаўся з хуткасцю 130 км/ч. Пасля шасці стрэлаў па колах аўтамабіль з'ехаў у кювет, згоншчыкі кінуліся наўцёкі, але супрацоўнікі ДПС іх затрымалі. Усе ўдзельнікі згону — кіроўца і трое пасажыраў — непаўнагадовыя жыхары Рэчыцы і Рэчыцкага раёна 15 і 16 гадоў. Яны перададзеныя для разгляду ў Рэчыцкі РАУС.
Падчас следства ўсталявана, што 25 лістапада каля 22.00 у Рэчыцы дадзены аўтамабіль быў сагнаны. Яго гаспадаром апынуўся 55-гадовы жыхар Рэчыцы, раніцай 26 лістапада ён падаў заяву ў міліцыю.
Супраць падлеткаў узбуджана крымінальная справа.