Супрацоўнік міліцыі пагражаў выкрасці актывістку «Еўрапейскай Беларусі» (Фота)
25- 17.12.2009, 10:00
Пагрозы аб выкраданні Паліна Д'якава атрымала проста падчас акцыі салідарнасці 16 снежня на Кастрычніцкай плошчы Менска.
Актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Д'якава трымала ў руках плакат «Выкрадальнікаў людзей - у Гаагу!» на ангельскай мове. Праз некалькі хвілінаў да яе падышоў супрацоўнік міліцыі ў цывільным і спытаў, ці гатовая яна стаць наступнай. Як паведамляе сайт jeans-by.com, потым, не дачакаўшыся адказу, ён сказаў, паказаўшы на плакат: «За гэта будуць адказваць не ўсе, а асабіста ты, запомні».
Пасля гэтага міліцыянт перадаў па рацыі камусьці апісанне Паліны Д'якавай і змест плаката.
«Відавочна, што супрацоўнікі міліцыі і спецслужбаў вельмі баяцца адказнасці за свае злачынствы. Усе яны ведаюць пра тое, што здарылася з ваеннымі злачынцамі ў іншых краінах, дзе кіравалі дыктатарскія рэжымы. Таму слова «Гаага», якое трывала асацыюецца ў рэжыма менавіта з адказнасцю за свае незаконныя ўчынкі, дзейнічае на беларускія спецслужбы як чырвоная анучка на быка», - заявіла актывістка «Еўрапейскай Беларусі».
Нагадаем, што ў апошні час у Беларусі пачасціліся выпадкі выкраданняў людзей. 5 снежня быў выкрадзены лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. Невядомыя трымалі яго ў машыне 5,5 гадзінаў і выкінулі за 70 км ад Менска. 6 снежня быў схоплены актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель. Яго адвезлі за 20 км ад сталіцы. За тыдзень да гэтага невядомыя вывезлі за горад актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Уладзіміра Лемеша, патрабуючы з дапамогай збіцця і пагрозаў спыніць палітычную дзейнасць. Усяго сёлета было выкрадзена 6 моладзевых актывістаў. Апазіцыянеры мяркуюць, што выкраданні былі арганізаваныя спецслужбамі.

Гэты міліцыянт пагражаў актывістцы