11 снежня 2024, Серада, 6:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы пратэстуюць супраць палітычнага тэрору і выкраданняў (Фота, відэа)

34
Беларусы пратэстуюць супраць палітычнага тэрору і выкраданняў (Фота, відэа)

Акцыя пратэсту супраць выкраданняў лідэраў апазіцыі і ў знак салідарнасці з палітвязнямі прайшла 16 снежня ў Менску пад лозунгам «Выкрадальнікаў людзей – у Гаагу!»

Нягледзячы на 20-градусны мароз, на Кастрычніцкую плошчу Менска вышлі каля 70 чалавек. Гэта актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Маладога фронту», «Моладзі БНФ» і простыя менчукі. З партрэтамі палітвязняў на плошчы сталі вядомыя ў Беларусі людзі: лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, адзін з лідэраў Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання Валеры Шчукін, моладзевыя лідэры Яўген Афнагель, Павал Юхневіч, Артур Фінькевіч, Алег Ладуцька, Уладзімір Лемеш, Максім Вінярскі, вядомая журналістка Ірына Халіп, кіраўнікі «Свабоднага тэатра» Наталля Каляда і Мікалай Халезін, дэмакратычны актывіст Вячаслаў Сіўчык, лідэр менскіх прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў і іншыя.

Перад пачаткам акцыі моладзевыя актывісты запалілі фаер і пранеслі яго праз плошчу, скандуючы «Жыве Беларусь!» і «Свабоду палітвязням!». Удзельнікі акцыі трымалі партрэты палітычных зняволеных Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага, бясследна зніклых у Беларусі лідэраў апазіцыі Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага, а таксама плакаты «Не палітычнаму тэрору!», «Выкрадальнікаў людзей – у Гаагу!» і нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі.

На плошчы дзяжурыла вялікая колькасць міліцыі і супрацоўнікаў спецслужбаў у цывільным. Некалькі міліцыянтаў у форме безупынна абвяшчалі праз мегафоны, што акцыя «незаконная» і яе ўдзельнікі будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Пры гэтым міліцыянты нават абмаўляліся па Фрэйдзе, кажучы замест «вашы дзеянні незаконныя» -- «вашы патрабаванні незаконныя».

А патрабаванні дэманстрантаў гучалі моцна і практычна без перапынку: «Свабоду палітвязням!» і «Не палітычнаму тэрору!».

«Калі мы не будзем пратэставаць, дык выкраданні будуць не такімі кароткатэрміновымі, як зараз. Дастаткова ўзгадаць, што ўжо адбылося з Віктарам Ганчаром, Юрыем Захаранкам, Анатолем Красоўскім і Дзмітрыем Завадскім. Толькі пратэст, салідарнасць беларусаў і сусветнай грамадскасці можа спыніць злачынствы рэжыму. Зараз надзвычай небяспечна спрабаваць не заўважаць праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі і бяззаконне, якое адбываецца тут. Я вельмі рады, што людзі прышлі на плошчу, нягледзячы на такі мароз. Гэта паказчык таго, што беларускае грамадства здольна пратэставаць», -- заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

«Калі тыя, хто выкрадаў і вывозіў у лес Яўгена Афнагеля, Зміцера Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Уладзіміра Лемеша, думаюць, што гэтым можна кагосьці напалохаць, дык яны памыляюцца. Сённяшняя акцыя была дэманстрацыяй не толькі салідарнасці, але і таго, што мы не баімся тых мярзотаў, якія супраць кожнага з нас можа зрабіць рэжым. Мы ўсёткі разам, і, я спадзяюся, у стане супрацьстаяць гэтаму фашызму», -- заявіла вядомая журналістка Ірына Халіп.


«Мы вышлі на плошчу, таму што разумеем, што нельга не выходзіць. Ёсць моманты, калі ты разумееш, што ты павінен нешта рабіць, каб тваім дзецям жылося бяспечна ў тваёй краіне. З тым, што ў Беларусі выкрадаюць людзей, і гэты працэс не спыняецца з 1999 года, трэба змагацца. Інакш гэты махавік будзе павялічваць абароты», -- упэўнены кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін.





«Сёння, як і кожнага 16-га дня кожнага месяца, пачынаючы з 2005 года, мы прышлі на плошчу, каб прадэманстраваць сваю салідарнасць з ахвярамі рэпрэсіяў. За апошні час былі выкрадзеныя і вывезеныя ў лес некалькі моладзевых лідэраў, якія ўвесь час выходзяць на акцыі салідарнасці і на ўласным прыкладзе паказваюць неабходнасць супрацьстаяць беззаконню. Іх вывозілі прыкладна па той жа схеме, як вывозілі Ганчара, Красоўскага і Завадскага. Нам нібыта спрабуюць сказаць: «Кожнага з вас могуць вывесці ў лес, запалохаць ці нават застрэліць». Але нас не спыніш. Мы будзем паслядоўна ісці да канца.

Беларусы павінны кансалідавацца супраць выкраданняў. Калі ўлады ўбачаць, што нас шмат, яны будуць баяцца здзяйсняць свае злачынствы. Менавіта пастаянныя патрабаванні праводзіць расследаванне выкраданняў 10-гадовай даўніны прывялі да таго, што нас на гэты момант хаця б не забіваюць», -- адзначыў актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі.

«Я выйшаў на плошчу, таму што не хачу быць таксама ў ліку зніклых. У нас у краіне ніхто ад гэтага не застрахаваны. Сёння яны, а заўтра я магу апынуцца на іх месцы. У мяне не так часта атрымліваецца быць у Менску, але калі я тут, лічу сваім абавязкам удзельнічаць у акцыях салідарнасці. Я – свабодны чалавек. Рабом ніколі не быў і не буду, і, як кажуць у народзе, «лепш буду паміраць стоячы, чым жыць на каленях». Толькі разам, толькі актыўна рэагуючы на кожны замах на жыццё чалавек, мы зможа перамагчы. Пратэстуючы сёння супраць дзеянняў уладаў, я ратую сваіх дзяцей, унукаў і блізкіх», -- заявіў сайту charter97.org дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання, праваабаронца Валеры Шчукін.

Нагадаем, што ў апошні час у Беларусі пачасціліся выпадкі выкраданняў людзей. 5 снежня быў выкрадзены лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. Невядомыя трымалі яго ў машыне 5,5 гадзінаў і выкінулі за 70 км ад Менска. 6 снежня быў схоплены актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель. Яго адвезлі за 20 км ад сталіцы. За тыдзень да гэтага невядомыя вывезлі за горад актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Уладзіміра Лемеша, патрабуючы з дапамогай збіцця і пагрозаў спыніць палітычную дзейнасць. Усяго сёлета было выкрадзена 6 моладзевых актывістаў. Апазіцыянеры мяркуюць, што выкраданні былі арганізаваныя спецслужбамі.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках