У Варшаве развіталіся з журналістам «Хартыі’97» Кастусём Іванавым
1- 29.10.2026, 17:34
Героя праводзілі пад бел-чырвона-белым сцягам.
У Варшаве прайшло развітанне з журналістам «Хартыі’97» Кастусём Іванавым. Яго праводзілі пад бел-чырвона-белым сцягам.
Паніхіду правёў душпастыр беларусаў у польскай сталіцы, ксендз Вячаслаў Борок. На развітанні выступілі галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Дзмітрый Бандарэнка, сябры і блізкія Кастуся. На развітанні прагучылі нацыянальны гімн «Магутны Божа» і старажытны беларускі гімн «Багародзіца» ў выкананні дудара Пятра Марчанкі.
Прыводзім поўны тэкст выступу Наталлі Радзінай:
«Сёння мы развіталіся з нашым сябрам і калегам Кастусём Іванавым.
Кастусь для мяне — прыклад мужнасці, дабрыні, адданасці сваёй справе і любові да Беларусі.
Яшчэ будучы студэнтам, спачатку Віцебскага тэхналагічнага інстытута, а затым Мінскага міжнароднага ўніверсітэта МІТСО, Кастусь удзельнічаў у апазіцыйных акцыях пратэсту, быў актывістам руху «Зубр» і грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года з-за рэпрэсій ён быў вымушаны эміграваць у Польшчу і пачаў працаваць на сайце «Хартыя’97».
Кастусь быў выключна надзейным і адказным чалавекам. Не было задачы, з якой бы ён не справіўся. Калі трэба было тэрмінова выканаць працу, ён адгукаўся ў любы час і заўсёды прыходзіў на дапамогу.»

«Апошні час, больш за год, Кастусь жыў у каталіцкім стацыянарным хоспісе Caritas Варшаўскай архідыяцэзіі. Мы вельмі ўдзячныя хоспісу за клопат і догляд, за добрае чалавечае стаўленне.
Кастусь не пераставаў працаваць нават там. Праца падтрымлівала яго і надавала яму сілаў. Ён хацеў быць карысным і нешта рабіць для сваёй краіны. Нават у апошнія дні ён часта пытаўся ў мяне: «А як жа праца? Можа, я яшчэ папрацую?»
Здаецца неверагодным, але ў хоспісе ён вучыў англійскую мову, вывучаў мовы праграмавання, па магчымасці займаўся фізічнымі практыкаваннямі і ёгай. Ён збіраўся пісаць кнігу, мы нават абмяркоўвалі з ім яе структуру і назву.
Кастусь любіў Беларусь. Нават у апошнія дні, калі пачаліся праблемы з памяццю і пазнаваннем людзей, на словы «Жыве Беларусь!» ён нязменна адказваў: «Жыве вечна!»
Ён ніколі не падаў духам. Я пыталася: «Як табе гэта ўдаецца?» Ён адказваў: «А які сэнс у пакутах і перажываннях?»
Ягоным жыццёвым дэвізам, словамі, якія ён паўтараў кожны дзень, былі: «Заўтра будзе лепш!»
У гэтыя дні мы шмат успаміналі Кастуся разам з яго маці. Усе яго сябры і калегі ведаюць, што ён быў добрым чалавекам, умеў спачуваць і падтрымліваць. Але мяне ўразілі дзве гісторыі з яго дзяцінства, якія шмат што тлумачаць у тым, якім чалавекам ён быў.
У школе разам з Кастусём вучыўся хлопчык — слабы і хваравіты. З ім ніхто не сябраваў, акрамя Кастуся. А тлумачыў ён гэта вельмі проста: «Гэты хлопчык вельмі самотны, з ім ніхто не сябруе — значыць, буду сябраваць я».
Другая гісторыя. Першага верасня ўсе мы ішлі ў школу з вялікімі букетамі кветак, якія нам давалі бацькі. Аднойчы так пайшоў у школу і Кастусь. Калі мама спыталася ў яго, каму з настаўнікаў ён падарыў кветкі, Кастусь адказаў: «Я пачакаў, паглядзеў, каму падарылі менш за ўсё кветак, — і аддаў свой букет яму».
Дзякуй табе, што ты быў, Кастусь. Шчасцем было ведаць цябе і працаваць з табой. Для мяне і для вельмі многіх людзей ты назаўсёды застанешся прыкладам мужнасці і сілы. Ты заўсёды будзеш мяне натхняць.
Сорамна падаць духам. Сорамна нічога не рабіць, калі Кастусь не падаў духам і працягваў дзейнічаць», — успамінае калегу галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.
Падрабязны рэпартаж з развітання будзе апублікаваны заўтра.









Журналіст Charter97.org Кастусь Іваноў памёр 24 кастрычніка пасля цяжкай хваробы. Яму было 40 гадоў.
У 2000-х Кастусь быў адным з самых прыкметных актывістаў руху «Зубр» і грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» у Віцебску. Неаднаразова затрымліваўся сілавікамі падчас акцый пратэсту.
Пасля прэзідэнцкіх «выбараў» 2010 года пераехаў у Польшчу і працаваў журналістам сайта Charter97.org.