10 чэрвеня 2026, Серада, 9:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

PR-менеджэр Абамы аказаўся даўнім фанатам беларускага сайта Хартыя’97

19
PR-менеджэр Абамы аказаўся даўнім фанатам беларускага сайта Хартыя’97

Кіраўнік выбарчай кампаніі Барака Абамы ў галіне новых СМІ Джо Роспарс прыехаў у Менск.

Шмат хто адзначае, што менавіта праца Роспарса і яго каманды з'явілася сакрэтнай зброяй дэмакратаў у абранні прэзідэнта ЗША Барака Абамы.

У выбарчым штабе Барака Абамы Джо Роспарс курыраваў усе аспекты беспрэцэдэнтнай он-лайн дзейнасці па камунікаціях і прамоўшан сярод насельніцтва. Ён узначальваў шматбаковую праграму, якая аб'ядноўвала ў сабе дызайн і брэндынг, інтэрнэт- і відэакантэнт, масавую емэйл-рассылку, тэкставыя паведамленні, сеткавую рэкламу, арганізацыйную працу і збор сродкаў.

У цяперашні час Джо Роспарс з'яўляецца праграмным дырэктарам і сузаснавальнікам кампаніі Blue State Digital.

- Кім вы марылі быць у дзяцінстве? Вы марылі стаць прэзідэнтам ЗША ці марылі "рабіць прэзідэнтаў"?

-- Не, у дзяцінстве я не марыў стаць прэзідэнтам ЗША ці рабіць прэзідэнтаў. Я марыў пра тое, каб стаць гульцом у бейсбол. Калі казаць сур'ёзна, дык я ніколі не ўяўляў сябе актыўна ўцягнутым у палітыку, але ў 2002 годзе ўбачыў, што палітыка маёй краіны ідзе ў накірунку, з якім я не мог цалкам пагадзіцца, таму я вырашыў, што мне патрэбна паспрабаваць штосьці змяніць.

-- А кім вы больш з'яўляецеся – паліткансультантам, бізнэсменам ці грамадскім дзеячом?

-- Нікім з пералічаных. Мне, можна сказаць, пашанцавала. Я той, хто зарабляе сабе на жыццё, працуючы з арганізацыямі, якія мне падабаюцца. Часам гэта звязана з палітыкай, але, па сутнасці, мая кампанія працуе з прафсаюзамі і некамерцыйнымі арганізацыямі. Гэта арганізацыі, чальцы якіх уключаныя ў працу, карысную для грамадства і спрабуюць прыцягнуць людзей да яшчэ большага удзелу ў гэтых справах. Простыя людзі павінны быць гаспадарамі такіх арганізацыяў, іх сапраўдным сэрцам.

-- Звычайна людзі ідуць за тымі, хто абяцае перамогу. Падчас сустрэчы ў Менску з беларускімі журналістамі вы сказалі, што Барак Абама скарыў Вас тым, што быў гатовы да паразы на прэзідэнцкіх выбарах. Гэта крыху дзіўна…

-- Зразумейце правільна. Гаворка ідзе не пра тое, што ён ад пачатку быў гатовы да паразы. Калі я гутарыў с Баракам Абамам, я спытаў у яго: «У чым павінна заключацца спадчына кампаніі, якую мы з вамі правядзем?». І Барак Абама сказаў, што хацеў бы, каб кампанія была праведзеная так, каб з'явілася новае пакаленне лідэраў, людзей, гатовых адказваць за свае рашэнні. Ён не быў гатовы да таго, каб адступіцца ад сваіх прынцыпаў, але ён хацеў бы, каб прайшла энергічная выбарчая кампанія, якая нават у выпадку паразы не прымусіла чырванець за сябе. Абама хацеў, каб з'явілася пакаленне, якое адказвае за свае ўчынкі і гатовае быць уцягнутым у жыццё грамадства.

-- Беларусы, на жаль, вельмі мала ведаюць пра амерыканскага прэзідэнта з прычыны адсутнасці свабоды слова ў нашай краіне. Хто ён, містэр Абама, на ваш погляд?

-- Я думаю, Барак Абама той, хто з'яўляецца прадстаўніком усяго народа, але ён не толькі прадстаўляе амерыканцаў, але і вядзе за сабой; он той, хто аб'ядноўвае іх у адно грамадства, хто ставіцца да грамадзянаў як да дарослых сталых людзей, і робіць іх удзельнікамі вырашэння агульных праблемаў, якія стаяць перад усімі.

Вашынгтон

-- Чаму, па-вашаму, прайграла каманда Джона Макейна? Што было галоўнай памылкай вашых канкурэнтаў?

-- Я думаю, што тут мае месца сукупнасць фактараў. Але асноўнае адрозненне паміж тым, як вялі свае кампаніі рэспубліканцы і дэмакраты, заключаецца ў тым, што рэспубліканцы вялі, па вялікім рахунку, «старую» гульню. Але вы не можаце іх вінаваціць за гэта. Яны выйгралі прэзідэнцкія выбары 2000 і 2004 гадоў, таму што былі лепш арганізаваныя. Але яны гулялі ў традыцыйныя палітычныя гульні і прытрымліваліся іерархічнага прынцыпа. На апошніх выбарах яны ізноў спрабавалі працаваць па-ранейшаму, гэта значыць даходзіць да выбарца зверху ўніз.

-- А чаму выйгралі Вы?

-- Я думаю, што, у першую чаргу, Барак Абама перамог, таму што быў у патрэбным месцы і ў патрэбны час. Ён натхніў звычайных людзей, змог іх прыцягнуць у сваю кампанію і зламаў стэрэатыпы пра тое, што ў палітыцы пануе толькі цынізм.

-- Кажуць, што самым рэвалюцыйным у кампаніі Барака Абамы стала выкарыстанне тэхналогіі «Twitter». Гэта Вашая праца?

-- Так, за гэта сапраўды адказвала мая каманда. (Twitter - свабодная сацыяльная сетка, якая ўяўляе з сябе сістэму мікраблогаў і дазваляе карыстальнікам адпраўляць кароткія тэкставыя нататкі (да 140 сімвалаў), выкарыстоўваючы SMS, службы імгненных паведамленняў ці пабочныя праграмы-кліенты – заўв. Хартыі’97).

Але я думаю, что не варта вылучаць нейкую канкрэтную тэхналогію ці сацыяльную сетку як сродак перамогі Абамы на выбарах. Праца і з Twitter, і з MySpace, і з Facebook была толькі часткай агульнай стратэгіі, якая звадзілася да таго, каб пабудаваць цесныя стасункі паміж кандыдатам у прэзідэнты і яго прыхільнікамі, а таксама паміж самімі прыхільнікамі. Выкарыстанне гэтых тэхналогіяў патрэбна дзеля таго, каб прыцягнуць людзей, каб яны пачалі абыходзіць суседзяў, уносіць ахвяраванні, рабіць тэлефанаванні.

-- Ці ведае прэзідэнт Абама штосьці пра Беларусь?

-- Я лічу, што прэзідэнт Абама вельмі разумны чалавек, але пакідаю на меркаванне афіцыйных прадстаўнікоў казаць пра пытанні, якія датычаць сферы двухбаковых адносінаў.

-- Для нас сталі вялікай нечаканасцю Вашыя словы на сустрэчы з беларускімі журналістамі пра тое, што Вы з'яўляецеся фанатам сайта Хартыі’97. Хто звярнуў Вашую ўвагу на наш рэсурс?

- Гэта здарылася некалькі гадоў таму, і я зараз ужо не ўзгадаю, калі менавіта, але гэта было звязана з выбарамі ў Беларусі, калі з'явілася шмат навінаў пра вашую краіну. І гэта было яшчэ да выбарчай кампаніі Абамы. Я ўжо даўно сачу за Вашым сайтам. Для мяне гэта ўласціва – назіраць за рухамі і людзьмі, якія займаюцца падобнай дзейнасцю.

Я чытаю ангельскую версію сайта Хартыі’97, і мяне ўражвае, у першую чаргу, частата, з якой абнаўляецца інфармацыя, тым больш, што, наколькі я чуў, над ангельскай версіяй працуюць толькі два чалавекі. Вельмі ўражвае хуткасць абнаўлення і «свежасць» кантэнта на сайце. Гэта якраз, тое, што я ўвесь час спрабую прывіць арганізацыям у Амерыцы: быць лепш і быць хутчэй, размяшчаць тэксты, фатаграфіі і відэа, як толькі вы іх атрымліваеце.

АЎДЫЁ

-- На прэс-канферэнцыі Вы сказалі, што Вы і Вашая кампанія гатовыя працаваць толькі з добрымі людзьмі. Гэта дастаткова нязвыкла ў наш цынічны час, калі шмат хто з вашых калегаў гатовы за грошы адмываць дыктатарскія рэжымы. Вы з'яўляцеся апошнім ці новым рамантыкам Амерыкі?

-- Я думаю, што мы адлюстроўваем агульную тэндэнцыю для Злучаных Штатаў, якая з'явілася прыкладна ў 2002-2004 гадах і якая зводзіцца да таго, што ўсё больш людзей аддаюць перавагу ці імкнуцца працаваць з дэмакратычнымі, прагрэсіўнымі сіламі. І я думаю, что адбылося гэта з-за таго, што шмат хто з тых, хто займаецца гэтай справай, (незалежна ад таго, ці тэхналагічныя гэта пытанні ці пытанні стратэгічнага планавання, чым займаюся я), гэтыя людзі прыйшлі ў палітыку са звычайнага жыцця, яны назіралі за палітыкай, а паколькі тая іх не задавальняла, яны захацелі шмат што змяніць.

Я не магу аднесці сябе ці сваіх калегаў да прафесійнай катэгорыі піяршчыкаў. Напэўна, ёсць безліч рэчаў, якія я не ведаю ў піяр-менеджменце. Я і шмат хто з маіх калегаў – гэта людзі, якія прыйшлі ў гэтую сферу, таму што хацелі садзейнічаць пераменам. І калі б пры гэтым мы не маглі б зарабляць сабе на жыццё, дык мы б знашлі, як зарабіць. Напрыклад, працавалі б за барнай стойкай, хаця я, вядома, у дзяцінстве хацеў стаць гульцом у бейсбол.

-- Што б Вы хацелі пажадаць камандзе і чытачам сайта www.charter97.org?

-- Камандзе сайта я жадаю паболей інвеставаць у людзей, развіваць асобасныя адносіны с аўдыторыяй, культываваць стасункі паміж вашымі чытачамі. Гэта ў выніку можа стаць вельмі магутнай рэччу.

Што датычыць чытачоў, я спадзяюся, яны змогуць стаць не проста чытачамі, а мець стасункі і ўзаемадзейнічаць з сайтам і адзін з адным. Гэта дазволіць ім стаць рэальнай супольнасцю і, дзейнічаючы разам, іграть значную ролю ў падзеях, якія адбываюцца.

Менск

Інтэрв'ю брала Наталля Радзіна

Дзякуем Амбасадзе ЗША у Рэспубліцы Беларусь за дапамогу ў арганізацыі інтэрв'ю

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках