Прэс-сакратар Нацбанка: «Калі нешта прынялі ўрад ці мясцовыя ўлады, хай яны і адказваюць»
9- 20.05.2009, 13:13
Нацбанк у чарговы раз заявіў пра адсутнасць афіцыйных абмежаванняў на набыццё замежнай валюты для аплаты імпарту на біржавым рынку.
Ён працягвае дыстанцавацца ад магчымых абмежаванняў, як мяркуецца, неафіцыйна ўведзеных урадам, піша «Інтэрфакс».
«Нацыянальны банк не ўводзіў ніякіх абмежаванняў на набыццё замежнай валюты на біржы для аплаты бягучых імпартных паставак. Калі нешта прынялі ўрад ці мясцовыя органы ўлады, дык хай яны і адказваюць», - заявіў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар НББ Анатоль Драздоў.
«Калі якія-небудзь дакументы на гэты конт і існуюць, дык Нацыянальны банк іх не распрацоўваў. Ёсць Саўмін, аблвыканкамы», - дадаў ён.
Як паведамлялася, у панядзелак 18 траўня шэраг банкаў заявіў аб наяўнасці вуснага распараджэння ўладаў, якое прадугледжвае максімальнае абмежаванне задавальнення банкамі заявак кліентаў на набыццё замежнай валюты на біржы для бягучых імпартных пагадненняў. Банкіры падкрэслівалі, што нефармальныя рэкамендацыі фактычна маюць форму забароны. Банкам прапанавана задавальняць заяўкі кліентаў на набыццё замежнай валюты за кошт уласных сродкаў, набыцця яе на пазабіржавым рынку, а таксама за кошт прыцягнення знешніх рэсурсаў.
Як паведамлялася, у аўторак першы намеснік старшыні праўлення НББ Павал Калаўр заявіў, што НББ не ўводзіў ніякіх абмежаванняў па набыццё і продаж валюты на Беларускай валютна- фондавай біржы. Пры гэтым ён спаслаўся на закон аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі, які забараняе ўвядзенне якіх-небудзь абмежаванняў на бягучыя аперацыі на валютным рынку.
Па стане на 20 траўня сітуацыя з магчымасцю набыцця валюты на біржы для аплаты бягучых імпартных кантрактаў застаецца няпэўнай. Асобныя банкі заяўляюць аб урэгуляванасці сітуацыі і магчымасці выхаду на біржу пры наяўнасці ў кліента пісьмовага ўзгаднення на набыццё валюты з кіраўніцтвам профільнага міністэрства ці кіраўніцтвам аблвыканкама. У прыватнасці, такі ліст накіраваў у дзяржбанкі Мінпрам.
Большасць апытаных банкаў канстатуюць захаванне забароны і ў гэтай сувязі прапаноўваюць кліентам частковае задавальненне патрэбаў у замежнай валюце за кошт уласных валютных сродкаў банка ці кароткатэрміновыя валютныя крэдыты як магчымасць выканання абавязальніцтваў па імпартных кантрактах.