Легалізацыя хатніх кампутарных сетак забароненая ўказам Лукашэнкі
7- 20.05.2009, 13:50
Атрымаць дазвол на легалізацыю хатняй кампутарнай сеткі па-ранейшаму немагчыма.
Як заявіў «Еўрарадыё» дырэктар кампаніі «Сучасныя тэхналогіі сувязі» Сяргей Алейнікаў, зрабіць гэта забараняе ўказ Аляксандра Лукашэнкі.
«У Менску існуе камісія пры гарвыканкаме, якая выдае дазволы, -- распавядае Сяргей Алейнікаў. -- Я думаю, яна створаная для лабіявання інтэрасаў дзяржаўных кампаніяў. За 2 гады не было выпушчана ніводнага дазволу. Яна кіруецца ўказам прэзідэнта №72: там прапісана, што аб'екты інфраструктуры могуць будаваць толькі прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасці».
Нагадаем, што начальнік вытворчага аддзела «Менскай гарадской жыллёвай гаспадаркі» Генадзь Місуна заявіў у размове з агенцтвам «Менск-навіны» пра магчымасць легалізацыі хатніх сетак.
Дзеля гэтага, паводле яго словаў, неабходна звярнуцца ў ЖРЭА ці адміністрацыю раёна, каб яны склалі праектную дакументацыю на пракладку абсталявання. Каштаваць гэта будзе 5-10 мільёнаў рублёў толькі за дакументацыю. Яшчэ спатрэбіцца заплаціць за само абсталяванне.