10 чэрвеня 2026, Серада, 9:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Кіеве прайшоў фэст свабоднай беларускай культуры -- «Беларуская вясна»

У беларускіх пісьменнікаў і мастакоў была магчымасць прэзэнтаваць свае творы, не баючыся цэнзуры.

Падчас фэсту адбылася выстава твораў мастака Алеся Пушкіна. Таксама прайшлі две аўтарскія вечарыны пісьменніка Уладзіміра Арлова. Маладыя беларускія і ўкраінскія літаратары паўдзельнічалі разам у конкурсе мастацтва дэкламавання вершаў (слэм) і круглых сталах па праблемах беларускай культуры. Былі праведзеныя і шматлікія вулічныя акцыі ў падтрымку свабоднага слова ў Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

Гэта быў ужо трэці падобны фэст ва Украіне. Яго мэта - прапаганда непадцэнзурнай беларускай культуры. Самай уражвальнай і прыгожай акцыяй фэсту, на думку куратара Марыі Мартысевіч, стаў паэтычны слэм, хоць беларусы і прайгралі яго ўкраінцам. Ён прайшоў на беразе Дняпра. За выступам паэтаў назірала вялікая колькасць слухачоў.

«Было вельмі весела. Усё гэта праходзіла на Андрэеўскім спуску на адкрытай пляцоўцы. Калі ты стаяў, ты бачыў панараму горада. Усё было вельмі таямніча і феерычна», -- кажа Марыя Мартысевіч.

Сёлета адначасова з «Беларускай вясной» ва Украіне праходзіў міжнародны фэст «Кіеўскія лаўры», і яго арганізатары прапанавалі паўдзельнічаць у ім таксама і беларускім паэтам.

«Віктар Жыбуль і Вера Бурлак прэзэнтавалі беларусаў на гэтай імпрэзе, -- распавядае Марыя Мартысевіч. -- Я таксама прачытала верш. Я была мадэратарам на імпрэзе і мне здаецца, што Віктар і Вера мелі сапраўдны поспех. Іх вельмі цёпла сустракалі».

Шматлікіх кіяўлянаў прыцягнула і акцыя фэсту «Беларускія кантакты», кажа каардынатар імпрэзы.

«Гэта цэлая гадзіна выступу, якая адбылася ў кіеўскім Доме настаўнікаў, -- распавядае Марыя Мартысевіч. -- Там выступіла я, Сяргей Прылуцкі з паэтычнай справаздачай за паўгады, якія ён жыве ў Кіеве - вельмі моцныя вершы, на мой погляд, напісаў там Сяргей. Таксама выступілі Вера Бурлак і Віктар Жыбуль». І нечаканым прыемным сюрпрызам стаў выступ Дзмітрыя Строцава».

Дадому з Украіны беларусы прыехалі з надзеяй на новыя сустрэчы.

«Апошнія гадоў пяць вельмі шчыльна супрацоўнічаюць і літаратары, і ўкраінскія выдаўцы цікавяцца беларускай літаратурай, -- кажа Марыя Мартысевіч. -- Іншае пытанне, што гэта ўсё адбываецца даволі стыхійна і няма нейкай планавай палітыкі. Але самае галоўнае, што завязваюцца сувязі паміж украінскімі і беларускімі аўтарамі».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках