БХД звернецца ў пракуратуру па факце пераследу 700 партыйных актывістаў
- 28.07.2009, 16:09
Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» правядзе паўторны ўстаноўчы з'езд у канцы кастрычніка – пачатку лістапада гэтага года.
Пра гэта 28 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў сустаршыня аргкамітэта партыі Аляксей Шэін, перадае БелаПАН.
Першы ўстаноўчы з'езд БХД прайшоў 28 лютага, аднак Міністэрства юстыцыі не зарэгістравала партыю, палічыўшы, што пры яго правядзенні былі дапушчаныя парушэнні. У Мінюсце таксама заявілі, што партыя не падала ўсе неабходныя для рэгістрацыі дакументы, у прыватнасці якія пацвярджаюць аплату дзяржпошліны за рэгістрацыю. 22 ліпеня рашэнне Мінюста падтрымаў Вярхоўны суд.
Сустаршыні аргкамітэта БХД лічаць адмову ў рэгістрацыі партыі палітычна матываванай.
«У нас ёсць звесткі з дзяржорганаў, што ўлады ў любым выпадку не маюць намеру рэгістраваць БХД, — сказаў Шэін. — Нягледзячы на гэта мы будзем упартымі ў імкненні прайсці афіцыйную рэгістрацыю».
Аляксей Шэін распавёў, што падчас падрыхтоўкі ўстаноўчага з'езду і разгляду пытання аб рэгістрацыі партыі ў Мінюсце пад пераслед патрапілі 500—700 актывістаў.
«Пераслед ішоў з боку супрацоўнікаў КДБ, органаў унутраных справаў, ідэалагічных працаўнікоў райвыканкамаў. Нашым актывістам пагражалі, прапаноўвалі адмовіцца ад свайго подпісу заснавальніка партыі», — сказаў Шэін.
Заснавальнікі БХД маюць намер патрабаваць ад пракуратуры прававой ацэнкі фактаў перашкаджэння ў ажыццяўленні дзейнасці па стварэнні палітычных партыяў.