23 красавiка 2024, aўторак, 20:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гвалтоўны прызыў апазіцыянераў у войска працягваецца

1
Гвалтоўны прызыў апазіцыянераў у войска працягваецца

За апошні тыдзень у вайсковыя боты абулі яшчэ двух актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху, якія мелі адтэрміноўкі і медыцынскія супрацьпаказанні.

Сёння Гомельская прызыўная камісія прызнала актывіста «Маладога фронта» Андруся Цянюту прыдатным да службы ў войску.

У ваенкамаце Андруся Цянюту папярэдзілі, што ў пятніцу, 25 верасня яго накіруюць у войска, паведамляе «Радыё Свабода». І хутчэй за ўсё — у транспартныя войскі ў Жлобін, дзе да нядаўняга часу служыў актывіст «Моладзі БНФ» Зміцер Жалезнічэнка.

«Улады аказваюць сістэматычны ціск на найбольш актыўную беларускую моладзь дзеля таго, каб ізаляваць актывістаў, -- заяўляе Андрусь Цянюта. -- Прэзідэнцкія выбары будуць праз год, і яны хочуць, каб як мага менш людзей, здольных нешта зрабіць, засталося на волі».

Медыкі прызналі Андруся Цянюту непрыдатным да вайсковай службы з прычыны плоскаступнёвасці і скаліёзу хрыбетніка 2 ступені. Аднак ваенкамат перанакіраваў Андруся на новае даследаванне, і на пачатку верасня абласны клінічны шпіталь панізіў яму ступень скаліёзу.

Нагадаем, што Андрусь Цянюта быў адлічаны з Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі. Пра гэта ён даведаўся толькі праз паўтара месяца пасля адлічэння, і не ад самой вну, а ад ваенкамата.

Андруся Цяюнту неаднаразова прысуджалі да штрафаў і адміністрацыйных арыштаў за сваю палітычную дзейнасць. У траўні 2009 года разам з іншымі дэмакратычнымі актывістамі ён трымаў галадоўку салідарнасці з палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыям Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам.

Адзначым, што супраць моладзевых актывістаў з нядаўняга часу дзейнічае так званы «палітычны прызыў».

Зміцер Жалезнічэнка быў першым моладзевым актывістам, якога гвалтоўна прызвалі ў армію. Гомельскага актывіста «Моладзі БНФ» гвалтоўна забралі ў армію 25 студзеня 2008 года. Апазіцыянер быў двойчы адлічаны з Гомельскага дзяржуніверсітэта ім. Ф.Скарыны. Падчас навучання быў выдатнікам і не прапускаў заняткаў без паважлівай прычыны. Першае адлічэнне ў верасні 2007 года актывіст дэмакратычных сілаў абскардзіў у судзе і 16 студзеня дамогся ўзнаўлення ў вну, але праз чатыры дні зноў быў адлічаны і адпраўлены ў армію.

У студзені 2009 года падобная сітуацыя паўтарылася з актывістамі «Маладога Фронту» Іванам Шылам і Зміцерам Хведаруком, а таксама з лідэрам «Моладзі БНФ» Франакам Вячоркам. Моладзевых актывістаў накіравалі ў армію, нягледзячы на медыцынскія паказанні.

А ў верасні 2009 года ў войска быў гвалтоўна прызваны актывіст «Маладога фронта» Яўген Скрабец. Яго прызналі прыдатным да вайсковай службы, нягледзячы на сур’ёзныя захворванні спіны.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках