Андрэй Бастунец: «Улады не могуць змірыцца з такой зонай свабоды, як Інтэрнэт»
18- 7.09.2009, 11:08
2 верасня старшыня Грамадскага савета па маральнасці Мікалай Чаргінец заявіў, што чальцы рады «павінны навучыцца, калі не кантраляваць, дык, прынамсі, адсочваць Інтэрнэт».
Праўда, удакладніў, што кажа ў кантэксце тых выпадкаў, калі гаворка ідзе аб «перакрыцці» магчымасцяў пропаведзі гвалту, злосці і хамства. Але сам факт чарговага звароту дзяржаўнага чыноўніка да тэмы Інтэрнэту насцярожвае. Ці ёсць для гэтага падстава, карэспандэнт Euramost.org спытаў у юрыста, намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца.
— Ужо неаднаразова пасля ўступлення ў сілу новага закона «Аб СМІ» дзяржаўныя чыноўнікі рознага ўзроўню выступаюць з нападкамі на Інтэрнэт. І ўсе са шкадаваннямі пра тое, што, маўляў, не могуць яны яго кантраляваць, бруд там адзін, пошласць і паклёп. З аднаго боку, у іх словах можна знайсці зерне ісціны. А з іншга – няўжо ў краіне няма больш ніякіх праблемаў і клопатаў, акрамя Інтэрнэту? Што яны да яго прычапіліся?
— Усё вельмі проста – Інтэрнэт застаецца адной з найбольш свабодных зонаў у інфармацыйнай прасторы і нашая дзяржава, асобныя дзеячы, ніяк не могуць камфортна сябе адчуваць, калі побач гэтая зона існуе. Я упэўнены, што і новы закон «Аб СМІ» прымаўся толькі для таго, што бы нейкім чынам гэтую зону свабоднай і незалежнай інфармацыі ўзяць пад кантроль. Потым, праўда, дзяржава зрабіла крок назад, і закон не стаў зусім ужо драконаўскім. Але зараз яна ізноў спрабуе здзяйсняць пробныя крокі наперад у пытанні кантролю свабоды СМІ і, у прыватнасці, Інтэрнэту. І знайсці шляхі для вырашэння пытання гэтага, які яны лічаць праблемай, усёткі вырашыць.
— Чаргінец з'яўляецца старшынём Грамадскага савета па маральнасці. І ў гэтай якасці ён звярнуў увагу на «праблему Інтэрнэту». Дапусцім, там, ў тым Інтэрнэце, хтосьці з чальцоў рады знайшоў нешта на яго погляд заганнае. Што яны могуць зрабіць?
— Такіх саветаў, як той, які сёння ўзначальвае Чаргінец, можна стварыць дзясятак і больш. Паўнамоцтвы ў такіх саветаў не зразумелыя. А дакладней – ніякіх у іх няма паўнамоцтваў. Але ўсе мы выдатна разумеем, што яны могуць выкарыстаць адміністрацыйны рэсурс, які, зразумела, не прапісаны ў нарматыўных дакументах. Яны могуць звяртацца, напрыклад, у Міністэрства інфармацыі, пісаць лісты ў якія-небудзь іншыя ўстановы, якія маюць магчымасці ўздзейнічаць на той ці іншы інфармацыйны рэсурс. І такім чынам псаваць людзям жыццё, і перашкаджаць ім працаваць.
— Гэта значыць, можна прыйсці да несуцяшальнай высновы, што гэтыя пастаянныя звароты да пытання Інтэрнэту, неабходнасці дзяржаўнага кантролю над ім, рэгуляванні, у выніку скончацца прыняццем якой-небудзь Пастановы ўрада ці чым іншым, што дасць прававую магчымасць блакаваць сайты? Ушчыльную падысці да ўжывання кітайскага досведу барацьбы з «Інтэрнэт-заразай»?
— Пакуль у дзейсным законе «Аб СМІ» застаецца норма пра тое, што ўрад павінен распрацаваць такую пастанову, якая рэгулюе дзейнасць Інтэрнэту, да таго часу такая пагроза існуе. І такое развіццё сітуацыі цалкам магчымае.