6 траўня 2024, панядзелак, 16:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падпісанне кантракту па будаўніцтве беларускай АЭС сарвалася

32

Раней кантракт абяцалі падпісаць да канца 2009 года і пры гэтым казалі, што тэрміны падціскаюць.

Аднак падпісанне кантракту па будаўніцтве першай беларускай АЭС перанесенае яшчэ, як мінімум, на паўгады ў сувязі з тым, што ён не гатовы, паведамляе «Еўрарадыё».

«Кантракт яшчэ рыхтуецца, ён у распрацоўцы»,— паведаміла прэс-сакратарка расейскай кампаніі, якая плануе пабудаваць у Беларусі АЭС, Вольга Цылева. У «Атамбудэкспарце» спадзяюцца, што да канца першага квартала 2010 года кантракт будзе падрыхтаваны. Але гэта — палітычнае рашэнне, і таму ўсё залежыць ад вышэйшага кіраўніцтва.

«Магчыма, тэрмін мінуў, у гэтай сітуацыі гэта не ад нас залежыць. Мы проста кампанія, якая займаецца будаўніцтвам, а гэта — палітычныя рашэнні. Гэта залежыць ад высокага кіраўніцтва, як там усё гэта будзе. Мы пакуль чакаем, што ў першым квартале 2010 года, але як гэта ўсё рэальна будзе, пакуль вельмі цяжка сказаць», -- сказала Вольга Цылева.

Па словах прэс-сакратаркі «Атамбудэкспарта», пра магчымыя кошты будучага кантракту па-ранейшаму нічога не вядома.

Але, як падлічвалі СМІ, з выдаткамі на інфраструктуру, замену энергетычных сетак, будаўніцтва горада-спадарожніка для працаўнікоў АЭС, а таксама з улікам атамнай інфляцыі, АЭС Беларусі абыйдзецца мінімум у 9 мільярдаў даляраў.

Галоўны інжынер Дырэкцыі будаўніцтва беларускай АЭС Анатоль Бондар кажа, што кіраўніцтвам прынятыя наступныя тэрміны: кантрактнае пагадненне плануецца падпісаць да канца першага квартала 2010 года, а генеральны кантракт — да 30 чэрвеня 2010 года. Толькі пасля гэтага прыступяць да актыўных працаў.

«Калі следам за кантрактным пагадненнем (да сярэдзіны года) будзе падпісаны і цалкам кантракт, тады дарога будзе адкрытая, зялёная вуліца. Будуць падпісаныя вышэй названыя дакументы — тады будзе ажыўленне. Вось ведаеце, мы — як на старце, і як толькі будзе адмашка, адразу стартуюць бегуны», -- заявіў Анатоль Бондар.

Пакуль адмашку не далі, на месцы будучай АЭС вядуцца падрыхтоўчыя працы. Ужо пабудаваны першы дом.

«Мы вытрымліваем пытанні працэдурнага плану — гатоўнасць абгрунтавання інвестыцыяў, моманты, звязаныя з МАГАТЭ, з грамадскімі канвенцыямі, -- распавёў Анатоль Бондар. -- Ужо не сакрэт, што пабудаваны першы жылы дом. Ніжнія паверхі будуць пад офісы арганізацыяў: Дырэкцыі атамнай станцыі, БелНДПІэнергапрам, «Белэнергабуд» і г.д.».

Нагадаем, што раней падрыхтаваць кантракт планавалася яшчэ да канца 2009 года, бо тэрміны падціскалі.

«Зараз рыхтуецца кантракт. А наступным крокам будзе падпісанне кантракту, -- раней заяўляла Вольга Цылева. -- Але мы плануем, што гэты кантракт будзе, прынамсі, падрыхтаваны да канца гэтага (2009 г.) года. Калі зыходзіць з таго, што ў 2016-м годзе трэба здаць першы блок, дык першы бетон павінны заліць у 2010 годзе. Таму тэрміны ў нас вельмі сціснутыя».

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках