25 красавiка 2024, Чацвер, 17:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінэнерга: Рашэнне пра будаўніцтва АЭС – палітычнае і абмеркаванню не падлягае

45
Мінэнерга: Рашэнне пра будаўніцтва АЭС – палітычнае і абмеркаванню не падлягае

Рашэнне пра будаўніцтва АЭС у Беларусі не будзе выносіцца на грамадскае абмеркаванне.

Пра гэта паведамляецца ў адказах на скаргі, якія беларускія грамадзяне атрымліваюць з гэтай інстанцыі, піша сайт «Еўрапейская Беларусь».

Раней некалькі сотняў беларусаў накіравалі ў Міністэрства энергетыкі лісты з патрабаваннем адмяніць будаўніцтва АЭС у Астраўцы з прычыны эканамічнай немэтазгоднасці і неаб'ектыўнай ацэнкі ўздзеяння АЭС на навакольнае асяроддзе, якая значна недаацэньвае экалагічную небяспеку.

«Прапанаваны праект АЭС-2006 з рэактарамі ВВЭР-1200 – неправераны (у свеце дзейнічае толькі два рэактары такога тыпу), ненадзейны (як паказала эксплуатацыя АЭС «Цяньвань» у Кітаі і падобных па канструкцыі рэактараў ВВЭР-440 і ВВЭР-1000 у розных краінах), а электраэнергія, якая на ім вырабляецца – празмерна дарагая (21 цэнт ЗША за 1 кВт*г па сцверджэнні расейскага боку)», -- пішуць у зваротах грамадзяне.

«Заява пра магчымае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС» павінна быць адкліканая заказчыкам, бо дапушчаныя ў «Заяве» памылкі не могуць быць ліквідаваныя ў аператыўным парадку і носяць прынцыповы і нават канцэптуальны характар, а таксама ў Заяве цалкам адсутнічаюць шмат якія важныя раздзелы і, у цэлым, «Заява» не адпавядае патрабаванням, якія ўтрымліваюцца ў Інструкцыі аб парадку правядзення ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе планаванай гаспадарчай і іншай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанай Пастановай №30 Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 2005 года» -- кажацца ў скаргах.

Сваё патрабаванне аўтары матывуюць спасылкамі на «Крытычныя заўвагі да «Заявы аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС», падрыхтаваныя Беларускай партыяй «Зялёныя»; рухам «Навукоўцы за бяз'ядзерную Беларусь»; групай «Экаабарона!» (Расея); ГА «Экадом» (Беларусь), навуковыя манаграфіі і афіцыйныя дакументы.

У адказе Мінэнергетыкі палемізуе з аўтарамі скаргаў, прыводзячы довады на карысць будаўніцтва АЭС, і паведамляе, што рашэнне пра будаўніцтва АЭС было прынятае ў студзені 2008 года Саветам Бяспекі Рэспублікі Беларусь з улікам эканамічных, экалагічных і сацыяльных наступстваў такога рашэння. Але галоўны довад міністэрства ўтрымліваецца ў канцы адказу: «Звяртаем Вашую ўвагу, што палітычнае рашэнне пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Рэспубліцы Беларусь прынятае, і не з'яўляецца тэмай цяперашніх грамадскіх абмеркаванняў», -- кажацца ў адказе.

Іншымі словамі, уладам напляваць на меркаванне грамадзянаў адносна будаўніцтва АЭС, мэтазгоднасць якога з'яўляецца як мінімум спрэчнай.

Зрэшты, з грамадскасцю ў пытанні будаўніцтва АЭС і раней не раіліся. Так на «грамадскія слуханні» па АЭС у Астраўцы, якія праходзілі ў пачатку кастрычніка, не былі прапушчаныя прадстаўнікі шмат якіх незалежных экалагічных і праваабарончых арганізацыяў. Замест гэтага зала быў запоўненая пабочнымі людзьмі. Кожнаму з іх былі ўручаныя сцяжкі і плакаты, якія агітавалі за будаўніцтва АЭС. Сам будынак, дзе праходзілі слуханні, быў ачэплены АМАПам, уезды ў горад былі перакрытыя міліцыяй. А расейскі эксперт-эколаг Андрэй Ажароўскі быў арыштаваны пры спробе пранесці ў будынак дакументы, якія крытыкуюць афіцыйны даклад аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе, і прысуджаны да сямі сутак арышту па ілжывым абвінавачванні ў «дробным хуліганстве».

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках