5 траўня 2024, Нядзеля, 3:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За крытыку будаўніцтва АЭС у Беларусі - 7 сутак арышту

23
За крытыку будаўніцтва АЭС у Беларусі - 7 сутак арышту

Расейскі атамшчык Андрэй Ажароўскі быў затрыманы ў Астраўцы, куды прыехаў для ўдзелу ў грамадскіх слуханнях.

Грамадскія слуханні 9 кастрычніка былі прысвечаныя папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС.

Каардынатар групы «Экаабарнона» (Масква) быў дастаўлены ў мясцовае аддзяленне міліцыі перад пачаткам слуханняў. У яго канфіскавалі 94 друкаваных матэрыяла пад назвай «Крытычныя водгукі адносна папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС».

У момант затрымання Ажароўскі, паводле яго словаў, не раздаваў друкаваныя матэрыялы. «Яны ляжалі ў пакеце, і я планаваў раздаць іх падчас слуханняў, — сказаў экаабарнонца ў інтэрв'ю БелаПАН. — Да мяне падышлі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і чалавек па прозвішчы Свірыд, які назваўся супрацоўнікам дырэкцыі АЭС, што будуецца. Ён мне сказаў, што забараняе праносіць у залу крытычныя заўвагі па будаўніцтве АЭС».

У выніку Андрэй Ажароўскі увечары 9 кастрычніка быў прысуджаны судом Астравецкага раёна Гарадзенскай вобласці да сямі сутак арышту па абвінавачванні ў дробным хуліганстве.

На судзе з боку абвінавачвання выступілі сем сведак, з якіх пяцёра — супрацоўнікі праваахоўных органаў і яшчэ двое — дзяўчыны-валанцёры. З боку абароны выступілі тры сведкі.

Як кажацца ў пастанове суду, сведкі з боку абвінавачвання паказалі, што пры правядзенні слуханняў па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) у кінаканцэртнай зале ў цэнтры Астраўца Ажароўскі каля гэтага памяшкання «паводзіў сябе абуральна па дачыненні да асобаў, якія яго атачалі, прадстаўнікоў улады і грамадзянаў, кінуўшы пакет з друкаванай літаратурай спрабаваў патрапіць унутр будынка, але яго хуліганскія дзеянні былі прыпыненыя». У выніку, на думку суду, «быў, несумнеўна, парушаны парадак у грамадскім месцы, і ўсе дзеянні гэтага правапарушальніка працягваліся доўгі час — 15—20 хвілінаў». Сумневаў у «аб'ектыўнасці і дакладнасці» паказанняў сведак з боку абвінавачвання ў суда не ўзнікла.

«Наўмысныя дзеянні правапарушальніка маглі перашкодзіць правядзенню мерапрыемства па АУНА ў г.п. Астравец і выяўляліся ў відавочнай непавазе да грамадства», — адзначаецца ў пастанове суду.

Паказанні сведак з боку абароны «суд ставіць пад сумнеў, бо яны дадзеныя з мэтай ухілення правапарушальніка ад адказнасці альбо змякчэння яго адказнасці за фактычна зробленае, бо яны фактычна ўсяго, што адбылося, не бачылі і з'яўляюцца знаёмымі правапарушальніка».

Суд вырашыў «у мэтах выхавання дадзенай фізічнай асобы і папярэджання здзяйснення ім новых правапарушэнняў у хуткім часе, так і іншымі фізічнымі асобамі, на дадзеную асобу належыць накласці адміністрацыйны арышт».

Як раней паведамляў сайт www.charter97.org, на так званыя «грамадскія слуханні» у Астраўцы ўчора не былі прапушчаныя прадстаўнікі шматлікіх незалежных экалагічных і праваабарончых арганізацыяў. Замест гэтага зала быў запоўнены пабочнымі людзьмі – у асноўным працоўнымі мясцовых прадпрыемстваў. Кожнаму з іх былі ўручаныя сцяжкі і плакаты, якія агітуюць за будаўніцтва АЭС. Сам будынак, дзе праходзілі слуханні, быў ачэплены АМАПам.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках