24 красавiка 2024, Серада, 23:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паляванне на пісьменнікаў

3

Калі ўлада імкнецца як мага больш балюча біць па гонары нашай культуры і нацыі, чаго тады чакаць ад яе звычайнаму чалавеку?

15 верасня 1937 года «бацька народаў» Іосіф Джугашвілі-Сталін, «верны сталінец» Вячаслаў Скрабін-Молатаў і нехта начальнік 8-га аддзела Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі СССР, камісар дзяржаўнай бяспекі У.Цэсарскі паставілі ўласнаручныя подпісы пад чарговым расстрэльным спісам з назвай «Список лиц, подлежащих суду военной коллегии Верховного суда Союза ССР» пад шапкай «Белорусская ССР».

Гэта быў сапраўдны чарговы дакумент таго жудаснага часу - яго фатакопію, захаваную ў архіве прэзідэнта Расейскай Фэдэрацыі, апублікаваў даследчык сталінскага тэрору, сябра саюзу беларускіх пісьменнікаў Леанід Маракоў.

Адметнасць дакумента, аднак, палягае ў тым, што са 103-х пералічаных там чалавек, забойства якіх санкцыянавалася кіраўнікамі савецкай дзяржавы і ГБ, каля каля двух дзесяткаў былі вядомымі ў Беларусі паэтамі, празаікамі, перакладчыкамі, драматургамі, публіцыстамі. Усе яны належалі да створанага за тры гады перад тым Саюза пісьменнікаў.

У спісе, надрукаваным на звычайнай друкавальнай машынцы, пад нумарам 1 называецца паэт Анатоль Вольны (Ажгірэй), пад № 18 паэт, перакладчык «Жаніцьбы Фігара» Бамаршэ і шылераўскага «Вільгельма Тэля» Алесь Дудар (Дайлідовіч) , пад № 34 – паэт, ураджэнец Віцебшчыны Тодар Кляшторны, пад № 36 – адзін з найлепшых беларускіх даваенных празаікаў, таксама народжаны на Віцебшчыне Міхась Зарэцкі (Касянкоў) , пад № 38 – паэт, драматург, шматгадовы камсамольскі і партыйны функцыянер Міхась Чарот (Кудзелька) , пад № 64 – празаік, а таксама эканаміст (былы намеснік старшыні Дзяржпляну БССР) Янка Нёманскі (Пятровіч) , пад № 87 – напэўна, самы адораны беларускі паэт наймаладзейшага пакалення (меў на той час 26 гадоў і ўжо чатыры з іх паспеў правесці ў турмах і высылцы) Юлі Таўбін...

Залішне казаць, што ў той самы час былі арыштаваныя і высланыя ў Казахстан, на Поўнач ці ў Сібір сем’і (жонкі, дзеці, а часам - і бацькі) людзей, усё «злачынства» якіх палягала ў тым, што Сталін некалі давёў сваім карным органам плян «прарэджвання» творчай інтэлігенцыі ў рэспубліках былога СССР. Адпаведныя дакументы ў апошнія гады таксама апублікаваныя. Залішне нагадваць і пра тое, што для беларускіх пісьменнікаў быў складзены не адзін падобны спіс: на пачатку 1939 года жывымі і на свабодзе ў БССР заставаліся крыху больш за дзесятак паэтаў і празаікаў...

3 лютага 2010 года, у Менску на нечарговае паседжанне сабралася рада таго самага Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) – Саюза Янкі Купалы, Якуба Коласа і тых пісьменнікаў, якіх расстралялі ў 1937.

СБП – грамадзкае аб’яднанне, перарэгістраванае ва ўстаноўленым парадку міністэрствам юстыцыі Беларусі. Галоўнае пытанне парадку дня паседжання рады: як абараніць амаль сотню сённяшніх чальцоў пісьменніцкага саюзу, якія працуюць у залежных ад дзяржаўных структураў установах – часцей за ўсё выкладчыкамі ўніверсітэтаў, школьнымі настаўнікамі, супрацоўнікамі газетаў і часопісаў, музэйнымі работнікамі. Дзякуй Богу, пакуль гэтыя асобы не трапілі ў расстрэльныя спісы. Праз больш як 60 гадоў пасля масавага фізічнага знішчэння беларускіх пісьменнікаў да гэтага справа, спадзяюся, не дойдзе...

Але... з надыходам новага 2010 года практычна з кожным са згаданых чальцоў СПБ непасрэдныя начальнікі правялі гутаркі. Калі да 5 лютага сёлета адпаведны літаратар ня выйдзе з Саюзу беларускіх пісьменнікаў – дык страціць працу. Службовыя асобы недвухсэнсоўна намякалі, што падначаленых яны выклікаюць «на дыван» не па сваёй ініцыятыве, а паводле распараджэння аднекуль «з самага верху»...

Вось канкрэтная сітуацыя, якую я асабіста ведаю. Таленавітая паэтка Л.Р. жыве ў адным з невялікіх гарадкоў пацярпелага ад Чарнобылю рэгіёну, працуе ў адзіным у гарадку музэі і адна гадуе двух малалетніх дзяцей. Страта сённяшняга (хоць і надта малааплатнага) месца працы паставіць сям’ю перад праблемай фізічнага выжывання, бо ў гарадку, што называецца, «усе ўсіх ведаюць» і шанцаў уладкавацца нават прыбіральшчыцай у Л.Р. будзе няшмат.

Кажуць, што за інструкцыяй аб пераследзе сябраў СПБ стаіць кіраўнік новастворанага (у 2006 годзе) «альтэрнатыўнага» саюзу пісьменнікаў. Той самы, што не толькі даслужыўся да генэрала міліцыі, а і праславіўся цеснаю супрацай з уладнымі структурамі. Дык вось, у яго саюз не ўступілі, застаўшыся ў старым, «купалаўскім» Саюзе: Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў, Віктар Казько, Святлана Алексіевіч, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Арлоў, Васіль Сёмуха, Васіль Зуёнак, Андрэй Хадановіч; тыя, хто ў міжчассі, на жаль, адышлі ў лепшы свет – Янка Брыль, Іван Навуменка, Валянцін Тарас, Ніна Мацяш. Дый абсалютная большасць іншых, па-сапраўднаму вядомых у нашай краіне літаратараў засталіся вернымі традыцыям і годнасці сябраў СПБ.

Натуральна, генерал міліцыі, да нядаўняга часу член Савету Рэспублікі, не павінен быў бы забываць, што існуе канстытуцыя (арт. 36: «Кожны мае права на свабоду аб’яднанняў...») і Закон «Аб грамадскіх аб’яднаннях» (арт. 6: «Дзяржава гарантуе абарону правоў і законных інтарэсаў грамадскіх аб’яднанняў... Умяшальніцтва дзяржаўных органаў і службовых асобаў у дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, саюзаў… не дапускаецца...»; арт. 20: «Грамадскія аб’яднанні з дня іх дзяржаўнай рэгістрацыі маюць права: ажыццяўляць дзейнасць, накіраваную на дасягненне статутных мэтаў; бесперашкодна атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, якая мае дачыненне да іх дзейнасці; карыстацца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі...; абараняць правы і законныя інтарэсы... сваіх сябраў, падтрымліваць сувязі з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі...»).

Але ж дзержымордаўскія інстынкты не даюць ані жыць, ані спакойна спаць... Якая Канстытуцыя? Якія законы?! Ёсць жа Яго Вялікасць Тэлефоннае Права! І яшчэ – беспамылковае адчуванне ўласнай беспакаранасці...

Ветэран беларускага літаратурнага цэху, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1992 года, кавалер высокіх узнагародаў Латвіі і Германіі Васіль Сёмуха – аўтар бліскучых перакладаў на беларускую Старога і Новага Запаветаў, гётэўскага «Фаўста», інтэлектуальнай паэзіі Райнэра Марыі Рыльке, Ґеарґа Тракля, Аляксандра Чака, прозы Ганса Ґрымэльсгаўзена, Томаса Мана, Гэрмана Гесэ, Фрыдрыха Ніцшэ, Вітальда Ґамбровіча. Ён распавёў мне наступную гісторыю.

Увесну мінулага года яму на хатні тэлефон патэлефанавала асоба, як яна паведаміла, «з сакратарыяту саюза пісьменнікаў ( таго, «генэральскага» – Л.Б.)». Асоба праявіла выдатную дасведчанасць, нагадаўшы, што шмат гадоў нявыдадзенымі застаюцца перакладзеныя Васілём Сёмухам раманы Патрыка Зюскінда, Фрыдрыха Дзюрэнмата, Штэфана Гайма, Густава Майрынка, іншыя творы сусветнай класікі. Дама падкрэсліла, што яе шэф гатовы дапамагчы пенсіянеру-літаратару ня толькі ў выданні перакладаў, а і ў лепшым уладкаванні яго (скажу шчыра, нешыкоўнага) цяперашняга побыту. Адзіная ўмова атрымання гэтага «шчасця» – выхад з СБП і ўступленне ў новы саюз пісьменнікаў. Васіль Сёмуха заўважыў, што не бачыць неабходнасці бегаць з саюзу ў саюз, што наагул не сяброўства ў тым ці іншым саюзе вызначае вартасці літаратара, а тым больш не сяброўства ў саюзе, куды завабліваюць «пугай і пернікам»...

Дадам ад сябе, што некалькі гадоў таму Васіль Сёмуха разам з Рыгорам Барадуліным і Уладзімірам Арловым – а ўсе яны належаць да найлепшых у Беларусі літаратурных рэдактараў – былі звольненыя з працы ў дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура». Як было напісана ў загадзе наконт апошняга: «... за выпуск исторической и другой сомнительной литературы»... Ну, а чаго чакаць ад асобаў, самыя галоўныя сярод якіх, паводле ўласных словаў, «выхоўваліся на вершах Васіля Быкава» і лічаць Францішка Скарыну «нашым чалавекам... з Піцера»?

Толькі вось з абсалютным беззаконнем, калі яно пануе ў тваёй краіне, змірыцца цяжка... Калі ўлада імкнецца як мага больш балюча біць па гонары нашай культуры і нацыі, дык чаго тады ад яе чакаць звычайнаму сумленнаму чалавеку? Як кажуць, «прыйдуць і па яго».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках