72% памерлых ад пнеўманіі менчукоў хварэлі на свіны грып
20- 22.02.2010, 16:38
В рэанімацыях Менска ад пнеўманіі ў 2009 годзе памерлі 123 чалавекі, з іх у 88 был вызначаны вірус пандэмічнага грыпу A (H1N1).
Пра гэта паведаміў галоўны пазаштатны анестэзіёлаг-рэаніматолаг камітэта па ахове здароўя Менгарвыканкама Аляксандр Дзядзько 22 лютага на рэспубліканскай канферэнцыі па выніках працы анестэзіёлага-рэанімацыйнай службы за 2009 год у Менску, паведамляе БелаПАН.
Паводле яго словаў, усяго ў мінулым годзе ў сталіцы з дыягназам «пнеўманія» было шпіталізавана 11 тыс. 550 чалавек, што на 2 тыс. 225 больш, чым у 2008 годзе.
«Гэта, мабыць, і ёсць колькасць пнеўманіяў, выкліканых новым вірусам», — выказаў здагадку Дзядзько.
У рэанімацыі сталіцы было шпіталізавана 796 чалавек, 152 з іх запатрабавалася штучная вентыляцыя лёгкіх.
Пры гэтым Дзядзько сказаў, што ў рэанімацыях Менска ад пнеўманіі ў 2009 годзе памерлі 123 чалавекі. З іх у 88 быў вызначаны вірус пандэмічнага грыпу A (H1N1). Такім чынам, 72% памерлых ад пнеўманіі беларусаў хварэлі на свіны грып.
Аляксандр Дзядзько прызнаў, што ў пачатку эпідэміі былі дапушчаныя некаторыя «арганізацыйныя пралікі»: адзначаўся дэфіцыт шэрагу неабходных супрацьвірусных прэпаратаў і медабсталявання, а таксама дэфіцыт кадраў і нізкая эфектыўнасць іх працы. Акрамя таго, хворыя паступалі ў аддзяленні рэанімацыі са спазненнем.
Разам з тым, адзначыў Аляксандр Дзядзько, менскія рэаніматолагі атрымалі каштоўны досвед працы з хворымі на цяжкую пнеўманію, дамагліся дадатковых закупак абсталявання, навучыліся аптымізаваць штучную вентыляцыю лёгкіх.
«На мой погляд, у гэтай складанай сітуацыі адбылася кансалідацыя службы», — лічыць спецыяліст.