20 красавiка 2024, Субота, 0:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады «закручваюць гайкі» у СМІ напярэдадні «выбараў»

4

Асвятленне кампаніі па «выбарах» у мясцовыя саветы ў Беларусі для незалежных СМІ звязанае з перашкодамі з боку ўладаў.

Незалежныя журналісты лічаць, што і зараз у іх не атрымаецца даць выбаршчыкам поўную інфармацыю, перадае «Нямецкая хваля».

Падзеі апошняга часу, такія як вынясенне афіцыйнага папярэджання Беларускай асацыяцыі журналістаў, затрыманні супрацоўнікаў незалежных СМІ, а таксама ператрус у найбуйнейшым недзяржаўным выданні «Народная воля» з канфіскацыяй кампутара вядомай журналісткі Марыны Коктыш, з'яўляюцца яскравым пацверджаннем таму факту, што беларускія ўлады распачалі чарговую вайну супраць непадуладных ім СМІ у перыяд «выбараў».

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) яшчэ ў пачатку гэтага года прааналізавала сітуацыю з незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі. Выснова аналітычных матэрыялаў несуцяшальная: сітуацыя са СМІ складаецца такім чынам, што мас-медыя падчас выбарчай кампаніі будуць не ў стане ў поўнай меры выканаць сваё прызначэнне. А менавіта, па словах старшыні БАЖ Жаны Літвіной, даць выбаршчыкам дакладную і поўную інфармацыю, каб яны змаглі зрабіць усвядомлены выбар.

Жана Літвіна са шкадаваннем адзначае, што дагэтуль існуюць праблемы, звязаныя з распаўсюдам цэлага шэрагу недзяржаўных грамадска-палітычных газетаў: яны не ўключаныя ў сістэму распаўсюду дзяржаўных прадпрыемстваў «Белпоштa» і «Саюздрук». У перыяд падрыхтоўкі да выбараў БАЖ занепакоены таксама праблемай доступу да інфармацыі.

«Інстытут акрэдытацыі журналістаў сёння выкарыстоўваецца не столькі як механізм, які дае журналісту прыярытэтнае права на атрыманне інфармацыі, колькі як механізм дазволу ці забароны на прафесію», - падкрэсліла кіраўнічка БАЖ.

Жана Літвіна кажа, што праблема акрэдытацыі адчуваецца, у першую чаргу, у рэгіёнах Беларусі, і менавіта для тых журналістаў, якія прадстаўляюць недзяржаўныя СМІ, але ў цэлым гэтая праблема існуе па ўсёй краіне.

Літвіна нагадала пра ўказ Лукашэнкі № 65, падпісаны яшчэ год таму, які закліканы, мяркуючы па назве, удасканальваць «узаемаадносіны органаў дзяржаўнай улады і сродкаў масавай інфармацыі».

На самой справе, кажа кіраўнічка БАЖ, на практыцы ва ўсіх дзяржаўных установах, ведамствах, на прадпрыемствах уведзеныя пасады адказных за кантакты з журналістамі. «Такога кшталту «удасканаленні» і «упарадкаванні» мы таксама ўспрымаем як дадатковыя праблемы, звязаныя з доступам да інфармацыі», - адзначыла Жана Літвіна.

Карэспандэнт недзяржаўнай газеты «Бабруйскі кур'ер» Міхаіл Ларчанка пацвярджае словы Жаны Літвіной пра праблемы з доступам да інфармацыі, якія ствараюцца ўладамі для незалежных СМІ. Газеце, у якой працуе Міхаіл, у выканаўчых структурах улады інфармацыю не даюць, паколькі існуе негалосная забарона.

«Аднак чыноўнікі, якім трэба даваць справаздачу, што яны дзесьці надрукаваліся, прыносяць інфармацыю і просяць апублікаваць яе за подпісам «уласная інфармацыя», гэта значыць, не спасылацца на іх наогул, як быццам мы знайшлі гэтую інфармацыю самі», - паведаміў Міхаіл Ларчанка.

Па словах журналіста, сітуацыя для незалежных СМІ пагаршаецца падчас важных палітычных кампаніяў. Як сцвярджае журналіст, у незалежных карэспандэнтаў звычайна ўзнікаюць праблемы з усім, што звязана непасрэдна з «выбарамі». Напрыклад, калі паседжанне выбаркама праводзіцца ў гарвыканкаме, дык іх туды часцей за ўсё проста не пускаюць.

Жана Літвіна адзначыла, што, пачынаючы з восені мінулага года, улады сталі адкрыта перашкаджаць працы журналістаў на масавых вулічных акцыях. «Незразумелыя людзі ў грамадзянскай вопратцы, як толькі бачаць журналіста з фотаапаратам ці з тэлекамерай, пачынаюць захінаць сабой аб'ектывы, не даюць весці здыманне», - тлумачыць Літвіна.

А між тым, у Беларусі ёсць артыкул 34 Закона «Аб СМІ», які гарантуе журналістам права прысутнічаць як у раёнах ваенных дзеянняў, так і ў месцах правядзення масавых акцыяў і іншых сацыяльна значных падзеяў. І не толькі прысутнічаць, але і перадаваць адтуль інфармацыю, падкрэслівае эксперт. «Гэтае права журналістаў на сённяшні дзень у нашай краіне зневажаецца», - лічыць старшыня БАЖ.

Жана Літвіна не мае ілюзіяў на конт паляпшэння сітуацыі з незалежнымі СМІ ў хуткім часе, пакуль у краіне ідзе кампанія «выбараў» у мясцовыя саветы і набліжаюцца самыя галоўныя выбары – прэзідэнта краіны.

«Сёння яшчэ рана прагназаваць, як будуць развівацца падзеі, але быць у добрым настроі перашкаджае досвед, які мы ўжо набылі», - падкрэсліла старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках