Памёр пісьменнік і журналіст Кастусь Тарасаў
18- 22.03.2010, 18:16
Знакаміты беларускі пісьменнік, гісторык і журналіст Кастусь Тарасаў памёр на 70-м годзе жыцця.
Яго цела было знойдзенае ва ўласнай кватэры ў Менску ў панядзелак. У красавіку 2006 года пісьменнік перанёс інсульт.
Кастусь Іванавіч Тарасаў нарадзіўся ў Менску 10 кастрычніка 1940 года ў сям'і службоўцаў. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў слесарам-зборшчыкам на Менскім механічным заводзе. Скончыў Беларускі палітэхнічны інстытут (1965), працаваў у Паўночна-Заходняй гэалагічнай экспэдыцыі. Потым у выдавецтве «Вышэйшая школа», на кінастудыі «Беларусьфільм» , часопісе «Нёман» (1977-1983), газеце «Літаратура і мастацтва», часопісе «Спадчына», газетах «Свабода», «Навіны», «Наша Свабода». Апошнія месяцы друкаваў гістарычныя нарысы ў «Новым часе».
Кастусь Тарасаў друкаваўся з 1966 года. Аўтар гістарычных аповесцяў пра мінулае Беларусі: «Дзень рассеяння» (пра Грунвальдскую бітву, 1980), «Пагоня на Грунвальд», рамана «Тры жыцця княгіні Рагнеды». Аўтар культавага ў 1980-я — першай палове 1990-х зборніка «Памяць пра легенды» (першае выданне ў 1984 г., другое пашыранае выйшла 1990-м годзе).
З Кастусём Іванавічам Тарасавым журналісты сайта charter97.org знаёмыя даўно. Некаторыя з нас працавалі з ім у дзвюх газетах – «Навіны» і «Наша Свабода». Мы разам перажылі закрыццё гэтых дзвюх незалежных газетаў. Кастусь Іванавіч быў не проста рэдактарам, ён перажываў і хварэў за кожнага з нас, маладых журналістаў. У кожным шукаў талент, выпрабоўваў нас, правяраў, што кожны з нас лепш за ўсё ўмее. Нашыя артыкулы Тарасаў не проста правіў, а дапамагаў дасягаць дасканаласці ў тым стылі, у якім мы ўжо пісалі. Такія рэдактары – рэдкасць. І самае галоўнае - ён давяраў маладым журналістам, а давер, як вядома, і акрыляе, і развівае. Шмат у чым дзякуючы Кастусю Іванавічу шмат хто з нас захацеў застацца ў журналістыцы і зрабіць яе справай свайго жыцця.