5 траўня 2024, Нядзеля, 8:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нават АНТ не схавала праўду: 87% тэлегледачоў не вераць у бяспеку АЭС

40

Каля 87% гледачоў тэлеканала АНТ падчас галасавання ў межах ток-шоў «Выбар» заявілі, што не вераць у бяспеку сучасных АЭС.

У студыі праграмы для абмеркавання пытанняў бяспекі АЭС, якая плануецца будавацца ў Беларусі, кошту яе будаўніцтва, месца ў беларускай энергасістэме, уплыву АЭС на прыроду і чалавека ў панядзелак сабраліся прадстаўнікі Мінэнерга, Мінпрыроды, навукоўцы, эколагі, прадстаўнікі грамадскасці, паведамляе «Інтэрфакс».

Так, апаненты будаўніцтва АЭС Андрэй Ажароўскі і старшыня рады ГА «Экадом» Ірына Сухій звярнулі ўвагу на тое, што прапанаваныя да рэалізацыі ў Беларусі рашэнні «у метале нідзе не ўвасобленыя», называючы праект будучай АЭС-2006 «эксперыментальным». «Гаворка ідзе пра рэактар ВВР-1200, такога рэактара нідзе няма», - падкрэсліў А.Ажароўскі.

Апаненты казалі і пра наяўнасць недахопаў у бяспецы станцыі, у прыватнасці, паводле іх словаў, пры разліку трываласці знешняй ахоўнай абалонкі АЭС не ўлічвалася магчымасць падзення вялікага пасажырскага самалёта.

Таксама праціўнікі будаўніцтва АЭС падкрэслівалі, што да цяперашняга моманту няма тэхналогіяў бяспечнай утылізацыі радыёактыўных адыходаў, якія б былі прыдатнымі для Беларусі, як альтэрнатывы іх паверхневаму захаванню. «Тысяча пакаленняў жыхароў той краіны, дзе будуць будаваць АЭС, будуць вымушаны займацца гэтай праблемай», - падкрэсліў А. Ажароўскі.

Апаненты засумняваліся ў эканамічнай мэтазгоднасці праекта, спасылаючыся на высокі, паводле іх дадзеных, кошт электраэнергіі будучай АЭС, залежнасць ад паставак Расеяй паліва і кошт ўрана, які расце ў апошні час у разы. Яны таксама звярталі ўвагу, што на Астравецкай пляцоўцы ў поўным аб'ёме не праведзеныя неабходныя геалагічныя працы. І.Сухій таксама лічыць, што «замоўчваюцца тыя парушэнні, якія маюцца пры выбары пляцоўкі».

Імі таксама адзначалася, што падчас грамадскіх слуханняў за мяжой беларускім спецыялістам выказваліся прэтэнзіі адносна непадавання ў поўным аб'ёме Справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА), заўвагі адносна пытанняў бяспекі будучай АЭС. Некалькі заўвагаў да дакумента маюцца і ў прадстаўнікоў дзяржаўнай экалагічнай экспертызы.

На погляд праціўнікаў АЭС у Беларусі, вырашэнне пытання энергетычнай бяспекі Беларусі ляжыць у плоскасці ўкаранення энергаэфектыўных тэхналогіяў і зніжэння энергаёмістасці ВУП.

«Гаворка ідзе пра тое, што сюды хоча прыйсці магутная карпарацыя з маёй краіны (Ажароўскі грамадзянін Расеі - ІФ) - Расатам, якая валодае невычэрпнымі дзяржаўнымі рэсурсамі, якая гатовая пераканаць легкаверных людзей, што няма розніцы, які рэактар. Яна прапіхвае свой праект. Задайце пытанне, каму выгаднае будаўніцтва АЭС у Беларусі? Расатаму», - лічыць А.Ажароўскі.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках