Архітэктар Уладзімір Папруга: У Венесуэле я жыву за трохметровым плотам пад аховай аўтаматчыкаў
25- 14.07.2010, 13:55
Легендарный архитектор-реставратор Владимир Попруга рассказал, как ему работается главным архитектором белорусского проекта в Венесуэле.
Інтэрв’ю з архітэктарам публікуе газэта «Звязда».
— Як вы патрапілі ў Венесуэлу?
— Мне было цікава заняцца гэтым, я хацеў пабачыць Паўднёвую Амерыку. Таму я і пайшоў на дзяржаўную службу: рэалізацыю міждзяржаўнага пагаднення між Урадам і Міністэрствам архітэктуры Беларусі і венесуэльскім Міністэрствам жылля і навакольнага асяроддзя. У нас ёсць кантракт на будаўніцтва 5000 кватэраў — гэта першая чарга. Праект ідзе ў горадзе Маракай.
— Як там правільна завецца ваша пасада?
— Я начальнік майстэрні па праектаванні і галоўны архітэктар гэтага венесуэльскага праекта.
— Дык гэта будзе новы раён у горадзе?
— Гэта будзе фактычна цэлы горад. Наша пляцоўка — 30 тысяч гектараў — разлічана на 10 365 чалавек. Я запраектаваў раён у поўнай адпаведнасці з венесуэльскай нарматыўна-прававой базай: нормы па гандлёвых, адукацыйных аб'ектах, зонах адпачынку...
— А рукі, матэрыялы — там усё наша?
— У адпаведнасці з кантрактам, мы можам прыцягнуць туды не больш за 10 працэнтаў нашага персаналу. Цяпер у нас чалавек 50-60 беларускага кантынгенту — збольшага прарабы і праектная група. Астатнія венесуэльцы.
— А на якой мове вы з імі гаворыце?
— Працоўная мова ў нас іспанская, дакументацыя венесуэльскім міністэрствам зацвярджаецца па-іспанску.
— Вам давялося для гэтага вывучыць мову?
— У прынцыпе так. Аднак, разумееце, праектная дакументацыя — гэта як хімічная формула, інтэрнацыянальная рэч.
— Маракай — гэта ж не сталіца Венесуэлы, чаму праект рэалізуецца менавіта там?
— Я думаю таму, што Чавес асабіста заангажаваны гэтым праектам — ягоная палітычная кар'ера пачалася з Маракая. Ён быў камандзірам дэсантнай базы, якая знаходзіцца непадалёк ад нашага аб'екта. Ён добра ведае гэтае месца — мяркую, ён яго асабіста і прапанаваў. Маракай размешчаны вельмі добра, удала звязаны са сталіцай Каракасам. Адтуль да Карыбскага мора па прамой праз горы 15 кіламетраў, па спідометры — 45.
— Большасць беларусаў ніколі не былі ў Венесуэле, не кожны дакладна нават скажа, дзе яна знаходзіцца. Што гэта за краіна, якая раптоўна сталася нам настолькі блізкай, што мы нават рэалізоўваем там такі буйны будаўнічы праект? Вы там ужо два гады, дык распавядзіце.
— Гэта тлумачыцца лёгка: у нас з Венесуэлай няма ніякіх культуралагічных і гістарычных праблемаў. У гэтым сэнсе сябраваць на адлегласці, праз межы значна прасцей, чым быць суседзямі. Венесуэла — вельмі пазітыўная краіна з цудоўным кліматам. Самая галоўная праблема там — каланіяльны досвед. Венесуэла мае вельмі цяжкі досвед, але яна дынамічная. Сённяшняе насельніцтва Венесуэлы — гэта якраз тыя акупанты, якія прыйшлі сюды 500 гадоў таму. Але, як ні дзіўна, гэтыя людзі, разбурыўшы гэтую культуру, не стварылі, лічу, за 500 гадоў нічога свайго: няма ні тэатра, ні літаратуры, ні архітэктуры, ні кіно... У нас кожны лужок і кожны барок маюць свае назвы і імёны. А ў іх — «дарога», «лес», «рака».
— Ці праўда, што там даволі небяспечная крымінагенная сітуацыя?
— На 30-40 % тэрыторыі Каракаса ніколі ў жыцці не ўваходзіла паліцыя. Людзі жывуць у трушчобах ледзь не племянным ладам на гэтых гарах, там сваё самакіраванне, свае разборкі...
— Быў выпадак, калі там забілі беларускага перакладчыка...
— Сярод белага дня! Чалавек ехаў на працу, стаяў на прыпынку, кругом было шмат людзей. Яму прыставілі пісталет да галавы, ён не захацеў аддаць ноўтбук — яго застрэлілі і ўцяклі. І іх, здаецца, ніхто нават не шукае.
— Вам там не страшна жыць?
— Я стараюся нікуды не выходзіць апроч дома і працы. Але там праўда жыцця такая, што можна пайсці ў краму па малачко — і не вярнуцца. Усе гэтыя хлопцы катаюцца нават не з нажамі, з пісталетамі!.. Я жыву ў 15-павярховым доме, на 10-м паверсе. Абсалютна на ўсіх вокнах дома стаяць краты. Дом абнесены трохметровым бетонным плотам, над ім — скруткі калючага дроту, да якога падведзены ток. Каб увайсці на тэрыторыю — электронная таблетка. Каб увайсці ў пад'езд — электронная таблетка, на ўваходзе ў ліфт — таксама, на паверх — тое самае. Кругласуткава дзяжурыць узброеная аўтаматамі ахова. Уся Венесуэла так жыве. Калі ў Беларусі можна прызначыць дзяўчыне спатканне, прагуляцца пад Месяцам па вуліцах горада, паслухаць птушак, то ў Венесуэле такое выключана.