19 красавiка 2024, Пятніца, 10:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расправа: Мікіту Ліхавіда прысудзілі да 3,5 год турмы

122
Расправа: Мікіту Ліхавіда прысудзілі да 3,5 год турмы

(абноўлена) 20-гадовы дэмакратычны актывіст прысуджаны да трох з паловай год калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд вынесла суддзя суда Партызанскага раёна Менска Наталля Пыкіна. Пракурор Антон Загароўскі палічыў, што Мікіта Ліхавід прымаў удзел у так званых масавых беспарадках, аказваў супраціў супрацоўнікам міліцыі і ламаў дзверы Дома Урада. Абвінаваўца прасіў пакараць Ліхавіда 4 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Адвакатка Дар'я Ліпкіна прасіла суд апраўдаць свайго падабароннага. У сваім выступе яна звярнула ўвагу на тое, што практыкі ўжывання артыкула 293 Крымінальнага кодэкса да гэтага часу не было. Па словах адвакаткі, аналіз артыкула дазваляе зрабіць выснову аб тым, што масавыя беспарадкі павінныя суправаджацца і узброеным супрацівам, і пагромамі, і пажарамі, і гвалтам над грамадствам, і знішчэннем маёмасці, прычым павінныя прысутнічаць усе пяць складнікаў.

Аднак, як лічыць Ліпкіна, у дадзеным выпадку не было «факту наяўнасці раз'юшанага натоўпу, які складаецца з некалькіх тысяч людзей, што здзяйсняюць пагромы і ўжываюць гвалт». Знішчэннем маёмасці займалася невялікая група асоб, прыблізна дзесяць чалавек, а не натоўп, адзначыла адвакатка.

Акрамя таго, падкрэсліла Ліпкіна, можна ўсумніцца ў тым, што ў дачыненні 27 дапытаных, якія лічацца пацярпелымі, ўжываўся гвалт. Так, па словах адвакаткі, некаторыя з пацярпелых не з'яўляліся на экспертызу, дадзеных іхніх медыцынскіх аглядаў недастаткова, паказанні іх допытаў падчас следства і ў судзе аб фактах гвалту не супадаюць.

Слуханне па справе Мікіты Ліхавіда пачалося 22 сакавіка ў судзе Партызанскага раёна Менска. Падчас працэсу дапыталі 29 супрацоўнікаў міліцыі. Ніхто з іх Ліхавіда на плошчы ля Дома ўрада 19 снежня не бачыў, прэтэнзій да яго асабіста спецназаўцы не мелі. Пагромаў і падпалаў, акрамя біцця шкла і дзвярэй, яны таксама не бачылі.

Выступаючы ў судзе з апошнім словам, Мікіта Ліхавід прасіў апраўдаць яго па артыкуле 293 КК, абмежаваўшы пакаранне тэрмінам знаходжання ў следчым ізалятары.

Суд над Ліхавідам стаў восьмым па ліку працэсам у справе аб так званых масавых беспарадках у Менску 19 снежня. Раней былі асуджаныя: Васіль Парфянкоў (чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму); Аляксандр Атрошчанкаў (чатыры гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму); Зміцер Новік і Аляксандр Малчанаў (тры з паловай і тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна); грамадзяне РФ Арцём Брэўс і Іван Гапонаў (штрафы ў 300 базавых велічынь); Зміцер Мядзведзь (тры гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову).

Напісаць каментар 122

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках