Цэнтральнае РУУС не вярнула журналісткам апаратуру
4- 16.01.2012, 17:05
Кіраўніцтва Цэнтральнага РУУС Менска не стрымала абяцанне, дадзенае галоўнаму рэдактару газеты «Наша Ніва» Андрэю Скурко.
Журналістцы выдання Тацяне Гаўрыльчык, а таксама незалежнай фотарэпарцёрцы Юліі Дарашкевіч не вярнулі апаратуру, канфіскаваную 19 снежня на акцыі FEMEN, піша «Салідарнасці».
Нагадаем, у размове з Андрэем Скурко начальнік РУУС Віктар Радзевіч і ягоны намеснік Андрэй Марозаў паабяцалі аддаць фота- і відэаапаратуру рэпарцёркам на працягу мінулага тыдня.
- Каб знішчыць здымкі, дастаткова дастаць флэш-карту, - кажа Юлія Дарашкевіч. - Не разумею, навошта ім патрэбная фотакамера, дарагі аб'ектыў і нетбук. Мяркую, што гэта робіцца для таго, каб я не здымала.
Увесь гэты час, пакуль тэхніка ў міліцыі, Юлія Дарашкевіч і Тацяна Гаўрыльчык знаходзяцца ў вымушаным адпачынку.
На гэтым тыдні Андрэй Скурко мае намер зноў звярнуцца наўпрост да начальства Цэнтральнага РУУС.
- У іх няма падставаў не вяртаць тэхніку, - лічыць галоўны рэдактар «Нашай Нівы». - Калі не аддадуць - будзем скардзіцца ў пракуратуру.
Прафесійная тэхніка была канфіскаваная ў журналістак пасля іх затрымання падчас акцыі FEMEN ля будынка КДБ у Менску. Рэпарцёраў пратрымалі спачатку ў КДБ, а потым у аддзяленні міліцыі на працягу дзесяці гадзін. Журналістак пазбавілі магчымасці звязацца з адвакатамі і патэлефанаваць сваякам.