Коммерсант: Справа аб выбуху стала каталізатарам незадаволенасці супраць беларускага дыктатара
35- 3.02.2012, 11:04
Выратаваць Канавалава і Кавалёва сёння - значыць пакінуць шанец на сапраўднае расследаванне ў будучыні.
Камітэт ААН па правах чалавека просіць ўлады Беларусі прыпыніць выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да асуджаных за выбух у менскім метро Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Пра гэта паведаміла маці абвінавачанага ў садзейнічанні тэрарызму і прысуджанага да смерці Уладзіслава Кавалёва. Яна вядзе ўпартую барацьбу, каб захаваць жыццё сына. Канстанцін Эгерт лічыць, што гэтая драма нечакана прынесла Аляксандру Лукашэнку вялікія праблемы, піша Коммерсант.
Любоў Кавалёва апынулася стойкай жанчынай. Яна дайшла да ўсіх міжнародных арганізацый, якія займаюцца праблематыкай смяротнага пакарання. Яна выступала перад сябрамі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і закідала лістамі афіцыйныя беларускія інстанцыі. І хоць Аляксандр Лукашэнка, па ягоных словах, пакуль не падпісаў ні загаду аб прывядзенні прысуду ў выкананне, ні указу аб памілаванні, пагроза пакарання навісае над Канавалавым і Кавалёвым штогадзіны.
Цікава, што справа аб выбуху стала свайго кшталту каталізатарам незадаволенасці супраць беларускага дыктатара. Прысуду, вынесенага Кавалёву і Канавалаву, паводле некаторых незалежных апытаньняў, верыць крыху больш за траціну беларусаў. Больш за 40% яму не вераць і каля 16% вагаюцца. Блогасфера поўная заклікаў не даць пакараць смерцю двух маладых людзей.
Кавалёва, калі прыязджае хадайнічаць за сына з роднага Віцебска ў Менск, жыве ў сем'ях загінулых у выніку тэракту, многія з якіх - на яе баку. Гэта зусім беспрэцэдэнтны выпадак.
А тут яшчэ ўсплылі на публіцы не бачаныя нікім раней кадры камер назірання, усталяваных у падземцы. На іх нейкія людзі ў цывільным выносяць з метро прадметы, якія можна прыняць за скрутак кабеля і выбухную прыладу. Падазроны ў тым, што выбух зладзіў сам Лукашэнка для апраўдання «закручвання гаек» у краіне, з'явіліся ў Інтэрнэце адразу пасля тэракту. Цяпер гэтыя чуткі атрымалі дадатковае развіццё. Адныя лічаць, што з-за міжнароднага ціску Лукашэнка вымушаны будзе памілаваць Кавалёва і Канавалава. Іншыя - што яму выгадна іх пакараць смерцю, каб «закрыць справу» раз і назаўсёды.
Баюся, апошнія маюць рацыю. Тым больш, што Лукашэнка страшна баіцца праславіцца слабаком, на якога можна паспяхова ціснуць. У сітуацыю магла б умяшацца Расея. Але яна, па нядобрай традыцыі, аддае перавагу адмоўчвацца і не трывожыць супакой беларускага дыктатара - ён жа партнёр па саюзнай дзяржаве і галоўны даўжнік Расеі. Калі б Масква намякнула, што прысуд варта змяніць на доўгі тэрмін зняволення, Лукашэнка, хутчэй за ўсё, не змог бы такую просьбу ігнараваць. Калі-небудзь, калі Аляксандр Рыгоравіч перастане быць прэзідэнтам, таемнае напэўна стане відавочным. Тады мы і даведаемся, куды прапаў без вестак у 90-я гады шэраг лідэраў апазіцыі, і што таямнічыя выбухатэхнікі рабілі ў менскім метро.
Выратаваць Канавалава і Кавалёва сёння - значыць пакінуць шанец у будучыні правесці цяперашні расследаванне гэтай таямнічай трагедыі.