Верх цынізму
15- 3.02.2012, 14:00
У «савеце рэспублікі» Беларусі лічаць, што забарона на дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі абараняе правы чалавека.
Каардынатар кампаніі «Права на веру» Аляксей Шэін і прадстаўнік Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі Сяргей Лісічонак атрымалі ліст з «савета рэспублікі», падпісаны намеснікам кіраўніка сталай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Ліліяй Мароз, паведамляе «Еўрарадыё».
У лісце адзначаецца, што «артыкул 193.1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь сумесна з іншымі нормамі Закона з'яўляецца прававым сродкам барацьбы са злачынствамі, якія парушаюць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзянаў, а таксама парадак і бяспеку ў грамадстве. На нашую думку, ён ахоўвае агульнапрынятыя правы чалавека і ягоныя асноўныя свабоды і не парушае міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека».
На гэтай падставе «савет рэспублікі» не бачыць неабходнасці ініцыяваць скасаванне згаданага артыкула.
Нагадаем, што артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае адказнасць за дзейнасць незарэгістраванага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду - да 2-х гадоў пазбаўлення волі.