ЗША зноў паднялі тэму Беларусі ў АБСЕ
17- 3.02.2012, 14:35
Амбасадар ЗША ў АБСЕ Іэн Кэлі 2 лютага выступіў на паседжанні Сталага савета ў Вене.
Аб сітуацыі ў Беларусі Іэн Кэлі распавёў непасрэдна камісару Рады Еўропы
па правах чалавека Томасу Хамарбергу. Прыводзім тэкст заявы амерыканскага дыпламата.
«Паважаны камісар Хамарберг, мы радыя вітаць вас на паседжанні Сталага савета і дзякуем вам за даклад. Злучаныя Штаты цалкам ухваляюць каардынацыю, якая ажыццяўляецца паміж АБСЕ і Радай Еўропы. Разам АБСЕ і Рада Еўропы здзяйсняюць важны ўплыў на развіццё і падтрымку свабоды і дэмакратыі ва ўсім рэгіёне, і мы павінныя працягваць рабіць усё, каб гэтыя дзве арганізацыі дапаўнялі, а не дублявалі дзейнасць адна адной.
У прыватнасці, мы цэнім абмен інфармацыяй паміж БДІПЧ АБСЕ і вашым офісам у сувязі са становішчам абаронцаў правоў чалавека. Мы цэнім тую ўвагу, якую вы надаеце ў сваёй дзейнасці на гэтай пасадзе справе абароны актывістаў правоў чалавека і, у прыватнасці, вашую падтрымку Алеся Бяляцкага ў Беларусі.
Мы былі ўсхваляваныя, калі даведаліся аб арышце і затрыманні 27 студзеня адваката па правах чалавека Алега Волчака - чарговых у бесперапыннай серыі спробаў прымусіць замаўчаць крытыкаў рэжыму Лукашэнкі. Мы паўтараем наш заклік да неадкладнага, безумоўнага вызвалення і поўнай рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.
Спадар камісар, дазвольце мне запэўніць вас, што Злучаныя Штаты, сумесна з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, будуць працягваць сачыць за развіццём падзей у Беларусі і дамагацца прыцягненьня да адказнасці ўсіх асоб, вінаватых у рэпрэсіях. Мы таксама па-ранейшаму адданыя падтрымцы дэмакратычных спадзяванняў беларускага народа.
Абарона правоў чалавека і асноўных свабод патрабуе сталай пільнасці, і мы высока цэнім увагу, нададзеную вамі пытанням свабоды сродкаў масавай інфармацыі. Мы ўдзячныя за ваш ўклад у мерапрыемствы АБСЕ ў 2011 годзе, у прыватнасці, лекцыі з цыкла «Свабода СМІ» аб абароне журналістаў і плюралізме сродкаў масавай інфармацыі. Злучаныя Штаты будуць працягваць выступаць за бяспеку журналістаў і абарону асноўных свабод у эпоху лічбавых тэхналогій. Мы заклікаем да большай каардынацыі паміж АБСЕ і Радай Еўропы ў нашай сумеснай увазе да пытанняў свабоды сродкаў масавай інфармацыі».