25 красавiка 2024, Чацвер, 11:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадары могуць не вярнуцца ў Менск пасля Вялікадня

35
Амбасадары могуць не вярнуцца ў Менск пасля Вялікадня

МЗС Беларусі нават не чакае вяртання дыпламатаў ЕЗ.

Брусэльскі партал euobserver.com паведаміў пра нібыта закрытае рашэнне ЕЗ, каб амбасадары вярнуліся ў Менск пасля Вялікадня.

Дыпламаты краін Еўразвяза пакінулі беларускую сталіцу ў канцы лютага на знак салідарнасці з амбасадарам Польшчы Лешакам Шарэпкам і кіраўніком прадстаўніцтва Еўразвяза Майрай Мора, якіх МЗС Беларусі папрасіў пакінуць краіну. Афіцыйнага пацверджання інфармацыі аб чаканым вяртанні еўрапейскіх амбасадараў няма.

Мая Качыянчыч, прэс-сакратар Вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, не змагла пацвердзіць «Радыё Свабода» гэтую інфармацыю. Яна нагадала, што рашэнне аб выездзе еўрапейскіх амбасадараў было ўхваленае ў канцы лютага на знак адзінства і салідарнасці з амбасадарам Польшчы і кіраўніком прадстаўніцтва Еўразвяза, ад якіх улады запатрабавалі паехаць на кансультацыі:

«Гэта здарылася, яны адбылі на кансультацыі. Мы таксама пагадзіліся, што амбасадары вернуцца на аснове адзіных падыходаў і каардынацыі. Але я не магу пацвердзіць ніякі канкрэтны час іх вяртання».

Кіраўнік прэс-службы МЗС Літвы Гедрус Пажунас сказаў, што пытанне аб вяртанні ў Менск літоўскага амбасадара Эдмінаса Багдонаса «разглядаецца», але прымаць такое рашэнне Літва будзе разам з іншымі дзяржавамі ЕЗ.

У прадстаўніцтве Еўрасзвяза ў Беларусі, амбасадах шэрагу еўрапейскіх краін у Менску таксама не змаглі пацвердзіць планы вяртання амбасадараў, адкліканых на кансультацыі.

Міністэрства замежных спраў Беларусі пасля рашэння Рады Еўразвяза ад 23 сакавіка аб пашырэнні санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў заявіла:

«У сённяшніх умовах беларускі бок не бачыць неабходнасці ў прысутнасці на тэрыторыі Беларусі адкліканых амбасадараў дзяржаў, якія прагаласавалі за гэтае рашэнне».

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што гэтая пазіцыя не змянілася:

«Пазіцыі пакуль пазначаныя, нейкай новай інфармацыі па гэтым пытанні не з'явілася».

Менскі палітолаг Андрэй Фёдараў лічыць, што дыпламатычны канфлікт Беларусі і Еўразвяза можа зацягнуцца. У якасці прыкладу ён прыводзіць аналагічную сітуацыю ў адносінах Беларусі і ЗША - чацвёрты год Злучаныя Штаты прадстаўленыя ў Менску на ўзроўні часовага паверанага.

Еўрапейскія амбасадары могуць вярнуцца, калі будуць адпаведныя дзеянні і сігналы з Менска:

«Пасля таго як будуць выкананыя хоць нейкія ўмовы і хоць нейкія крокі з беларускага боку будуць зробленыя, хай невялікія, насустрач тым заклікам, якія ідуць ад аб'яднанай Еўропы. Але пакуль мы гэтага не назіраем. Наадварот, прадстаўнік МЗС сказаў, што яны не чакаюць вяртання амбасадараў».

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках