Падатак на аўто: ад 390 тысяч да 1,3 мільёна
268- 11.12.2013, 13:54
- 195,394
За допуск аўто да дарожнага руху прыйдзецца раскашэліцца.
Пра гэта сведчаць стаўкі транспартнага падатку, прапісаныя ў законапраекце, які паступіў у «палату прадстаўнікоў», перадае «Інтэрфакс».
Згодна з гэтым дакументам, аўтаўладальнікі і юрыдычныя асобы павінны будуць аплачваць дзяржпошліну за допуск транспартнага сродку ў дарожным руху пры праходжанні тэхагляду.
Пры гэтым, уладальнікам аўтамабіляў маладзейшых за 10 гадоў не ўдасца зэканоміць. У дакуменце пазначана, што «дзяржаўная пошліна за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху выплачваецца па двайной стаўцы пры праходжанні дзяржаўнага тэхнічнага агляду транспартных сродкаў, з года выпуску якіх прайшло менш за дзесяць гадоў (уключаючы год выпуску), праходжанне дзяржаўнага тэхнічнага агляду у дачыненні да якіх прадугледжана праз дваццаць чатыры месяцы пасля правядзення апошняга дзяржаўнага тэхнічнага агляду».
Акрамя таго, у дакуменце паказана, што памер дзяржпошліны залежыць ад дазволенай максімальнай масы транспартнага сродку.
Так, для фізічных асоб устаноўленыя наступныя стаўкі дзяржпошліны: для легкавых аўтамабіляў масай менш за 1 тону - Br390 тыс., аўто ад 1 да 2 тон - Br650 тыс., аўто ад 2 і да 3 тон - Br910 тыс., аўто больш за 3 тон - Br1,3 млн, прычэп да легкавога аўтамабіля - Br130 тыс.
На грузавыя аўтамабілі для фізічных асоб і юрыдычных асоб стаўкі ўстаноўленыя ў памеры: на аўто не больш за 3,5 тоны - Br1,95 млн, ад 3,5 да 12 тон - Br2,6 млн, аўто больш за 12 тон - Br3,25 млн, прычэп і паўпрычэп - Br1,3 млн, аўтобус - Br1,95 млн, матацыкл і мотароллер - Br130 тыс.
Стаўкі дзяржпошліны для юрыдычных асоб: на легкавы аўтамабіль менш за 1 тону - Br650 тыс., аўто ад 1 да 2 тон - Br910 тыс., аўто ад 2 і да 3 тон - Br1,17 млн, аўто больш за 3 тоны - Br1,56 млн, прычэп да легкавога аўтамабіля - Br390 тыс.
Дзяржпошліна на допуск аўтамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху будзе спаганяцца з 1 студзеня 2014 года.