5 траўня 2024, Нядзеля, 9:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мадэрнізацыя» за кошт прыгоннай працы

105
«Мадэрнізацыя» за кошт прыгоннай працы

Рабочыя «Барысаўдрэва» атрымліваюць 100-150 даляраў і не могуць звольніцца з прадпрыемства.

Аб узроўні заробкаў на флагмане айчыннай дрэваапрацоўкі сведчаць разліковыя дакументы, якія даслалі ў рэдакцыю мясцовага сайта barysau.by.

Заробкі не проста не дацягваюць да сярэднестатыстычнага ў краіне, але з'яўляюцца проста мізэрнымі. Напрыклад, брыгадзір з велізарным стажам у лістападзе разам з авансам атрымаў усяго 1411000 рублёў.

З разліковага ліста супрацоўніка прадпрыемства відаць, што ён працаваў на вытворчасці лесанарыхтовак і лесапіленні. У лістападзе меў прастоі ў працы. За месяц адпрацаваў 20 дзён ці 159 гадзін.

Яго калега па вытворчасці, разліковы лісток якога таксама апынуўся ў распараджэнні журналістаў, атрымаў крыху больш - 1.763.000, а другі - усяго 917.000 рублёў.

Рабочыя, незадаволеныя заробкам, не могуць звольніцца з «Барысаўдрэва» праз сумна вядомы «прыгонны дэкрэт» Лукашэнкі. Паводле яго, працаўнік не можа пакінуць прадпрыемства дрэваапрацоўчай галіны без дазволу кіраўніка. Адмова наймальніка ў скасаванні кантракту можа быць абскарджаная старшынём абласнога выканаўчага камітэта. У сувязі з гэтым работнікі гэтых прадпрыемстваў, акрамя прадугледжанай кантрактам зарплаты, павінны атрымліваць штомесячныя грашовыя выплаты. Іх памер прадпрыемствы вызначаюць самастойна, зыходзячы са сваіх фінансавых магчымасцяў. У выпадку парушэння работнікамі сваіх працоўных абавязкаў і звальнення за правіны сума атрыманай імі за перыяд работы штомесячнай грашовай выплаты падлягае вяртанню.

Нагадаем, 8 лістапада прадпрыемства наведваў Лукашэнка. Правадыр застаўся вельмі незадаволены вынікамі «мадэрнізацыі» і безгаспадарчасцю, якая панавала на «Барысаўдрэве». У выніку ён адправіў у адстаўку намесніка кіраўніка сваёй адміністрацыі Андрэя Тура, старшыню Менскага аблвыканкама Барыса Батуру і кіраўніка канцэрна «Беллеспаперапрам» Аляксандра Пераслаўцава. Чыноўнікам прыгразілі ўзбуджэннем крымінальных спраў.

Пасля візіту дыктатара на прадпрыемстве аб'явілі аб правядзенні суботнікаў, на якіх былі абавязаныя адпрацаваць усе супрацоўнікі завода. На «Барысаўдрэў» сагналі нават школьнікаў і навучэнцаў ПТВ. Таксама да ліпеня, да новага часу Х, калі «Барысаўдрэў» чакае новая праверка на «мадэрнізацыю», аб звальненні работнікаў адміністрацыя параіла нават забыцца.

Напісаць каментар 105

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках