«Белавія» скасавала палёты ў Кіеў
6- 23.03.2013, 16:14
Сённяшні рэйс Менск-Кіеў нацыянальнай авіякампаніі РБ «Белавія» скасаваны праз дрэнныя ўмовы надвор'я з боку Кіева.
Пра гэта «Інтэрфаксу» паведамілі ў «Белавія».
«Сённяшні самалёт з Менска ў Кіеў павінен быў вылецець а 10.25 менскім часам, але быў скасаваны. Прычына - снегапады і дрэнная бачнасць ва ўкраінскай сталіцы», - патлумачылі сітуацыю супрацоўнікі call-цэнтра «Белавія» .
Заўтрашні рэйс Менск-Кіеў пакуль не скасаваны.
23 сакавіка праз непагадзь у Кіеве быў абвешчаны рэжым надзвычайнай сітуацыі. За мінулыя суткі ў сталіцы Украіны выпала 50 міліметраў ападкаў - гэта больш месячнай нормы, якая складае 47 міліметраў.
Напярэдадні горад стаяў у дзесяцібальных заторах. Да расчысткі прыцягнулі БТР, са снегавога палону вызваляюць сотні аўтамабіляў, у аэрапортах затрымліваюцца і касуюцца рэйсы, паведамляе РИА Новости.
Тым часам для дапамогі выратавальнікам на вуліцы горада выйшлі 15 вайсковых БТРаў, якія павінны прыбраць з вуліц грузавыя аўтамабілі, якія замінаюць камунальнікам расчышчаць вуліцы. Цяжкая сітуацыя склалася ў цэлым шэрагу абласцей Украіны.
Як паведамляе «Камсамольская праўда Украіны», нягледзячы на працу снегаўборных машын, дарогі ў горадзе застаюцца заснежаныя. У сталічныя крамы не атрымалася завезці прадукты, прылаўкі пустыя. 22 сакавіка і ў ноч з 22 на 23 сакавіка ў выніку неспрыяльных умоў надвор'я праз спрацоўку сістэм абароны ліній электраперадач у 13 абласцях адбылося абясточванне 381 населенага пункта.
Нагадаем, падобная сітуацыя была 15 сакавіка ў Менску, калі горад накрыў цыклон «Хаўер».