19 красавiка 2024, Пятніца, 21:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марэк Буцько: Лукашэнка распальвае этнічную зваду паміж палякамі і беларусамі

16
Марэк Буцько: Лукашэнка распальвае этнічную зваду паміж палякамі і беларусамі

Пагрозамі ў адрас Захаду Лукашэнка спрабуе паказаць сябе абаронцам беларусаў.

Так намеснік кіраўніка польскага фонду «Свабода і дэмакратыя», былы першы сакратар амбасады Польшчы ў Менску Марэк Буцько пракаментаваў charter97.org пагрозы беларускага кіраўніка ў адрас Польшчы, Літвы і Латвіі.

«Гэта старая рыторыка Аляксандра Лукашэнкі. Пагрозы ў адрас Польшчы і Захаду гучаць з часоў «халоднай вайны» і камунізму. Лукашэнка выхаваны на тым, што Еўропа з'яўляецца ворагам, і пагрозы ў яе бок - гэта інструмент дысцыплінавання беларускага грамадства. Бо калі Захад з'яўляецца ворагам, то, вядома, усё грамадства павінна засяродзіцца вакол «правадыра», каб абараняцца ад уяўнай пагрозы і магчымай агрэсіі з польскага боку. Для нас гэта вельмі смешна, таму што ніхто не збіраецца нападаць на Беларусь. Зразумела, што беларускі кіраўнік кажа гэта не для палякаў. Яго пагроз тут даўно ніхто не баіцца, усе прывыклі. Гэта гаворыцца для беларусаў, для таго, каб распальваць этнічную зваду паміж палякамі і беларусамі і пазіцыянаваць сябе як абаронца нацыі. Наўрад ці ён сам верыць у тое, што кажа. Але на гэтых пагрозах і трымаецца рэжым Лукашэнкі», - упэўнены палітык.

Ён падкрэсліў, што беларускі дыктатар не з'яўляецца важнай фігурай у геапалітыцы.

«Калі, не дай Бог, нейкі канфлікт і будзе, то ўсе рашэнні будуць прымацца ў Маскве, і ніхто не будзе пытацца, што думае пра гэта Лукашэнка. Вядома, ён бы хацеў гуляць важную ролю, таму з дапамогай такіх выказванняў спрабуе сябе пазіцыянаваць у якасці важнага геапалітычнага гульца», - лічыць Марэк Буцько.

Палітык таксама выказаўся наконт сумесных беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў і адпрацоўцы прэвентыўнага ядзернага ўдару па Варшаве.

«Агрэсіўнае стаўленне Расеі да Захаду з'яўляецца часткай даўняй імперскай палітыкі. Пры цяперашнім урадзе Пуціна нічога не памянялася. Яго стрымлівае толькі гандлёвая залежнасць ад Еўразвяза. Калі б гэтага не было, я не сумняваюся, што палітыкі з такім менталітэтам, як Пуцін і Лукашэнка, з задавальненнем нанеслі б ядзерны ўдар па Варшаве. Не ў першы раз, калі Масква палохае нас сваёй ваеннай моцай. Яны і раней гэта рабілі, пагражаючы нам ракетамі ў Калінінградскай вобласці. Вядома, гэта вельмі трывожыць, калі ў Расеі пачынае дамінаваць падобная ваенная рыторыка. Але я не здзіўляюся. Стаўленне Крамля да Захаду і, у першую чаргу, да Польшчы не памянялася праз шмат стагоддзяў», - падсумаваў палітык.

Нагадаем, 23 красавіка Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу. Гаворачы пра занепакоенасць НАТА сумеснымі ваеннымі вучэннямі, беларускі кіраўнік не стрымаўся і ў чарговы раз прыгразіў суседзям.

Таксама адзначым, што ў Беларусі будзе размешчаная расейская ваенная авіябаза, а першае звяно расейскіх знішчальнікаў прыбудзе ў нашу краіну ўжо ў гэтым годзе. На яе тэрыторыі ўжо размешчаныя чатыры дывізіёна зенітна-ракетных сістэм С-300, а таксама дзейнічае радыёлакацыйная станцыя (РЛС) «Волга» пад Баранавічамі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках