8 траўня 2024, Серада, 18:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія склады заваліла неліквідам

51
Беларускія склады заваліла неліквідам

У апошнія дні шмат гаворыцца пра рост аб'ёмаў гатовай прадукцыі на беларускіх складах.

І хоць у Мінэканомікі мяркуюць, што рост складскіх запасаў «значны, але не катастрафічны», Лукашэнка запатрабаваў ад урада склады разгрузіць.

Незалежныя экспэрты з меркаваннем міністэрскіх чыноўнікаў згаджаюцца, але папярэджваюць: калі так пойдзе і далей, да канца года ў Беларусі будуць у гэтым плане вельмі сур'ёзныя праблемы, пішуць «Беларускія навіны».

Чаму зноў залежы?

Удзельная вага запасаў гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў з 1 сакавіка 2012 года да 1 сакавіка 2013 вырасла з 48,9% да 75% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці, паведаміў Белстат. У абсалюце аб'ём запасаў склаў 29 трлн. 667,4 млрд. рублёў, пры гэтым яны выраслі за два месяцы гэтага года на 33,8%. У наяўнасці прыкметы рэцэсіі ў эканоміцы.

На думку эканамічнага аглядальніка Ірыны Крыловіч, асцярогі выклікае не столькі агульны аб'ём складскіх запасаў, колькі яго актыўны рост за першы квартал 2013 года. «Такая тэндэнцыя насцярожвае, таму што можа надалей узмацніцца», - адзначае экспэрт.

«Пакуль сітуацыя не такая катастрафічная, нешта яшчэ ўдаецца прадаваць, але калі рост запасаў на складах будзе працягвацца ў такім тэмпе, то мы проста праядзім за паўгода тыя грошы, якія запланаваны ў бюджэце і на мадэрнізацыю, і на нейкае развіццё, на кампенсацыю крэдытных ставак, потым ужо не будзе ставаць грошай на абарачэнне - і ўсё», - кажа экспэрт.

Што да прычын запаўнення складоў, то адной з асноўных прынята лічыць стагнацыю на рынках асноўных партнёраў, аднак, падкрэслівае Ірына Крыловіч, яна была абсалютна прадказальная.

«Пачынаючы з 2009 года ўвесь час такія кан'юнктурныя перапады адбываюцца на рынку. Проста трэба было складаць планы нашых прадпрыемстваў зыходзячы са знешняй кан'юнктуры», - кажа Крыловіч.

З унутраных прычын можна назваць адсутнасць унутранага попыту і недахоп грашовых сродкаў, таму што такога маштабнага фінансавання, да якога прывыклі беларускія прадпрыемствы, цяпер няма, шмат якія сродкі адпраўляюцца на абвешчаную ў краіне мадэрнізацыю.

Але варта нагадаць, што ў адпаведнасці з эканамічнай тэорыяй мадэрнізацыя звычайна прыводзіць да скарачэння тэмпаў вытворчасці і працоўных месцаў, бо больш сучаснаму абсталяванню ўжо не патрабуецца столькі людзей для абслугоўвання.

«Трэба было запланаваць з самага пачатку зніжэнне аб'ёмаў прамысловай вытворчасці і ў сувязі з мадэрнізацыяй, і ў сувязі з кан'юнктурай на замежных рынках, але мы гэтага не зрабілі. Прадпрыемствы прадаўжаюць вырабляць прадукцыю паводле даведзеных планаў», - тлумачыць Крыловіч.

А наогул славутая неканкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў - праблема, якая ўзнікла зусім не ўчора.

«Беларуская прадукцыя як была неканкурэнтаздольная 20 гадоў таму, так і цяпер яна неканкурэнтаздольная. Іншая справа, што цяпер канкурэнцыя, магчыма, узмацнілася, таму што працуюць заводы ў Расеі, на Украіне. Гэта значыць, калі раней на некаторых рынках наогул не было трактароў, акрамя нашых, то сёння з'явіліся іншыя», - кажа Крыловіч.

Беларусь заўсёды старалася выстаўляць больш нізкія кошты, чым у канкурэнтаў, але цяпер яшчэ больш знізіць іх краіна не здольная - ёй проста можа не стаць валютнага прыбытку для сплаты сваіх абавязковых выплат.

«Праблема загрузкі складоў з'яўляецца следствам беларускай эканамічнай мадэлі, якая арыентаваная на валавую вытворчасць, што залежыць не ад попыту на канкрэтных рынках на канкрэтныя тавары, а ад плана, які спускае вытворцам урад», - упэўнены дырэктар даследаванняў «Ліберальнага клуба» Яўген Прэйгэрман. На ягоную думку, гэта з'яўляецца самай фундаментальнай праблемай для эканомікі краіны.

«Кан'юнктура рынку, як правіла, проста не супадае з жаданнем чыноўнікаў вырабіць больш тавараў і паказаць лепшыя лічбы», - адзначае Прэйгэрман.

Мадэрнізацыя ж у тым выглядзе, у якім яна абвешчаная, а менавіта ў выглядзе тэхнічнага пераабсталявання, зможа стаць толькі разавым імпульсам для беларускай канкурэнтаздольнасці, але не ў сілах стала падтрымліваць узровень збыту, мяркуе экспэрт.

Шмат хто ў гэтай сітуацыі ўспамінае аб рынках АЭП, дзе быццам бы ўсе сябры і з усімі можна дамовіцца - да пэўнай ступені, вядома.

«Адным з слупоў нашых стасункаў з РФ акрамя газу і нафты з'яўляецца палітычна абумоўлены доступ на расейскі рынак беларускіх тавараў. Няма сумненняў, што паводле многіх пазіцый гэта сапраўды нас ратуе, але гэтыя рынкі таксама абмежаваныя. Больш за тое, зараз зусім незразумела, што будзе з расейскай эканомікай, калі кошты на нафту прадоўжаць зніжацца», - адзначае Прэйгэрман.

Акрамя таго, у Расеі таксама ёсць свае вытворцы, якія маюць лабістаў у органах улады. Пацвярджэннем гэтаму можа служыць вельмі красамоўная сітуацыя з беларускім бензінам, які ў пачатку года быў Расеі быццам бы патрэбны, а потым ад яго імпарту тэрмінова спатрэбілася абарона. Ды і нафтавы шантаж мае месца: расейскі бок практычна не хавае, што такім чынам хоча паскорыць інтэграцыйныя праекты.

Абвясціць sale?

«Наш урад павінен пастанавіць, што цяпер рабіць - ці скараціць выпуск прадукцыі, або адправіць людзей у часовыя адпачынкі, гэта значыць зрабіць тое, што часткова было зроблена ў 2009 годзе (пад уздзеяннем сусветнага фінансавага крызісу). Альбо не спыняць выпуск прадукцыі, каб выплачваць заробак, але тады трэба зразумець, што з гэтай прадукцыяй рабіць - прадаваць яе ніжэй за сабекошт на замежных рынках, дэмпінгаваць, субсідуючы нізкакоштавы экспарт?» - Кажа Ірына Крыловіч і тут жа дадае, што прадаць тавары за палову кошту магчыма, хутка, але ўрад на гэта, хутчэй за ўсё, не пойдзе.

На думку эканаміста, татальны распродаж абвяшчаць пакуль усё ж зарана. Экспэрт мяркуе, што перш за ўсё трэба прааналізаваць спіс тавараў, якія запоўнілі склады.

«Можа, пакуль трэба спыніць вытворчасць некаторых тавараў на нейкі час. Тавары працяглага захоўвання вырабляць пад пэўныя кантракты, нарасціць выпуск тых тавараў, якія яшчэ можна прадаваць», - мяркуе Крыловіч.

У сваю чаргу, Яўген Прэйгэрман не бачыць ніякіх прарыўных магчымасцяў пры захаванні існай мадэлі кіравання эканомікай і экспартам.

«Мадэль састарэлая, бесперспектыўная, усё гэта разумеюць, але праз розныя прычыны пакуль не могуць ад яе адмовіцца. Пробліск можа быць толькі адзін - гэта пераход да прыватызацыі, да ўкаранення прыватнага бізнэсу, што павысіць зацікаўленасць асобна ўзятага прадпрымальніка ў экспарце», - адзначае экспэрт.

Разам з тым, калі Беларусь будзе атрымліваць дадатковыя рэсурсы ў выглядзе расейскіх крэдытаў, то «нічога смяротнага не будзе», рэзюмуе суразмоўца.

Абодва экспэрта сыходзяцца ў адным: сітуацыя з сыходам кан'юнктуры замежнага рынку не новая, Беларусь сутыкаецца з ёй раз у два-тры гады і адразу пачынае працаваць на склад, таму рана ці позна ўраду давядзецца прыстасоўвацца да патрабаванняў рынку.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках