19 красавiка 2024, Пятніца, 23:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінабароны Польшчы: У Беларусі будзе размешчаная наступальная зброя

94
Мінабароны Польшчы: У Беларусі будзе размешчаная наступальная зброя

Беларускія ўлады падманваюць пра абаронны характар супрацоўніцтва з Расіяй.

Былы кіраўнік Мінабароны Польшчы Януш Анышкевіч, які цяпер займае пасаду дарадцы міністра абароны, заявіў у перадачы «Studio Wschód» тэлеканала TVP (пераклад - charter97.org), што новая ваенная база і закупкі расейскіх знішчальнікаў выклікаюць занепакоенасць у Варшаве.

У праграме таксама прымалі ўдзел выкладчык Шведскай акадэміі нацыянальнай абароны Мангус Хрысціансан, палкоўнік запасу расейскага войска і галоўны рэдактар часопіса «Нацыянальная абарона» Ігар Каротчанка і кіраўнік польскага фонду «Цэнтр стратэгічных даследаванняў» Томаш Шаткоўскі. Тэмай абмеркавання было не толькі ваеннае супрацоўніцтва паміж Менскам і Масквой, але і парушэнне шведскай паветранай прасторы расейскімі знішчальнікамі і цяжкімі бамбавікамі, якое адбылося 29 сакавіка. Вядома пра гэта стала толькі 23 красавіка.

Магнус Хрысціансан распавёў, чаму шведскія самалёты не адрэагавалі на інцыдэнт, а ўлады замоўчвалі аб ім да канца красавіка.

«Урад Швецыі не хоча цяпер уступаць у адкрытыя дэбаты аб здольнасці адрэагаваць на падобную сітуацыю. Але галоўная прычына заключаецца ў тым, што шведскі ўрад разумее, што гэта магло прывесці да эскалацыі, ціску і скандалу ў прэсе», - сказаў ён.

Таксама эксперт патлумачыў пазіцыю кіраўніка МЗС Швецыі Карла Більта, які сцвярджаў, што паветраная прастора краіны не была парушана.

«Па-першае, Швецыя, магчыма, занадта ангажыруецца ў міжнародныя справы і недастаткова - у свае ўнутраныя. Па-другое, палітыкі, у сваёй большасці, лічаць, што ваенны канфлікт з Расеяй вельмі малаверагодны па прычыне ўзаемнай залежнасці паміж Швецыяй, Еўропай і Расеяй - у энергетычным і іншых сектарах», - заявіў Томаш Шаткоўскі.

На тое, што здарылася, вельмі востра адрэагаваў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, які абвінаваціў Расею ва ўзмацненні напружання ў рэгіёне і ўзняў гэтае пытанне на сустрэчы прадстаўнікоў краін-удзельніц НАТА. Вядучая праграмы адзначыла, што гэта першы такі выпадак пасля заканчэння халоднай вайны - першая сімуляцыя атакі на Швецыю.

Ігар Каротчанка лічыць, што палёт не быў накіраваны супраць Швецыі.

«Вучэнні не насілі ніякага агрэсіўнага характару супраць Швецыі. Справа ў тым, што пасля распаду Савецкага Саюза расейскае войска было не ў лепшым стане. І зараз правядзенне падобных вучэнняў дапамагае нам адрадзіць абаронныя здольнасці. Падчас дадзенай аперацыі мы не адпрацоўвалі ніякіх удараў па Швецыі», - заявіў палкоўнік запасу расейскага войска.

У Польшчы вялікую занепакоенасць выклікала таксама інфармацыя аб тым, што падчас сумесных беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў «Захад-2013», якія запланаваныя на восень, будзе адпрацоўвацца прэвентыўны ядзерны ўдар па Варшаве. Кіраўнік Генштаба Расеі не пацвердзіў гэтую інфармацыю, паведаміўшы, што сцэнар вучэнняў будзе апублікаваны пазней.

Ігар Каротчанка заяўляе, што вучэнні не накіраваныя супраць іншых краін.

«Магу толькі сказаць, што ніякіх элементаў ядзернага ўдару падчас правядзення гэтых вучэнняў не будзе. Мэтай вучэнняў з'яўляецца выключна адпрацоўка абарончых манеўраў, а ня атакі», - сказаў ён.

Януш Анышкевіч, які цяпер займае пасаду дарадцы міністра абароны Польшчы паведаміў пра тое, што Варшава ў гэтым годзе ўпершыню за доўгі час правядзе маштабныя вайсковыя вучэнні з удзелам войска.

«У гэтым годзе на тэрыторыі Польшчы адбудуцца вялікія вучэнні: ад 5000 да 20000 чалавек. Гэта першыя вучэнні з удзелам непасрэдна войска, а не вайсковых штабоў», - сказаў ён.

Палітык лічыць, што ўсталяванне ў Беларусі сістэм С-300 і дамову аб размяшчэнні авіяпалка, пра якую раней заявіў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу можна расцэньваць, як наступальныя дзеянні.

«У адпаведнасці з Канстытуцыяй, Беларусь з'яўляецца нейтральнай дзяржавай. Тым часам, яна не толькі захоўвае ваенныя ўстаноўкі, якія атрымала ў спадчыну з савецкіх часоў, але і развівае іх. І гаворка ідзе не толькі пра ракеты С-300, якія, безумоўна, з'яўляюцца абарончым элементам. Але знішчальнікі, па ўсім крытэрам, з'яўляюцца атакуючай зброяй. Гэта, несумненна, турбуе», - заявіў Януш Анышкевіч.

Былы міністр абароны падкрэсліў, што нельга лічыць самалёты выключна абарончай зброяй.

«Гэта нонсэнс - казаць, што гэтыя самалёты будуць выключна абарончымі. Усе сучасныя самалёты з'яўляюцца як абарончымі, так і атакавалымі», - сказаў Януш Анышкевіч.

Адзначым, што многія эксперты лічаць палёт расейскіх знішчальнікаў над Швецыяй і размяшчэнне авіябазы ў нашай краіне адказам на «плюшавы дэсант» - перасячэнне беларускай мяжы 4 ліпеня шведскім лёгкім самалётам, які скінуў над нашай краінай плюшавых мядзведзяў з лозунгамі ў падтрымку дэмакратыі. У сваю чаргу Мінабароны Беларусі заявіла, што парушэнняў паветранай прасторы краіны не было, а выкладзеныя ў інтэрнэце ролікі, якія даказваюць адваротнае, назвала фальсіфікацыяй. Толькі праз месяц беларускі кіраўнік прызнаў факт перасячэння шведскім самалётам беларускай мяжы. Пазней дыктатар вызваліў ад пасады старшыні Дзяржпамежкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага ВПС і войскамі СПА Змітра Пахмелкіна.

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках