18 траўня 2024, Субота, 3:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал Раман Палько: Расея пагражае Польшчы з Беларусі

123
Генерал Раман Палько: Расея пагражае Польшчы з Беларусі

Польскі генерал мяркуе, што вучэнні «Захад-2013» нясуць непасрэдную пагрозу Варшаве.

Пра гэта Раман Палько, які раней узначальваў польскія спецвойскі GROM і быў намеснікам кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі краіны, заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу Polsat (пераклад - charter97.org).

Нагодай для інтэрв'ю стала загуба сэржанта Яна Кепуры ў Афганістане. Раман Палько заявіў, што рэальная пагроза Польшчы зыходзіць ад бліжэйшых суседзяў на Усходзе, і краіне могуць спатрэбіцца жаўнеры, якія праходзілі службу ў «гарачых мясцінах». У прыватнасці, генерал адзначыў, што вучэнні «Захад-2013», якія пройдуць у верасні ў Беларусі, носяць «агрэсіўны характар» у дачыненні да суседніх краінаў NATO. Раман Палько адзначыў, што асноўнай пагрозай з'яўляецца прысутнасць расейскага войска на тэрыторыі нашай краіны.

Разам з тым, на думку генерала, нават у выпадку вяртання, польскі кантынгент, які цяпер бярэ ўдзел у замежных місіях, не здолее супрацьстаяць імавернаму спаборніку з Усходу, бо ў войску не стае, напрыклад, гелікоптэраў.

«У нас блізка што 20% сіл, якія дзеяздольныя, і мы можам паказваць іх за мяжой. Астатняе - гэта музэй», - падкрэсліў генерал.

Аб патэнцыйнай вайне і магчымасцях польскага войска Раман Палько распавёў і ў інтэрв'ю выданню «Do Rzeczy».

«Мы не былі б у змозе спыніць напад Расеі, дастаткова зірнуць на патэнцыял абодвух войскаў. Таму такімі важнымі павінны быць для нас NATO і стратэгічныя стасункі са Злучанымі Штатамі», - кажа генерал.

З ягоных слоў, калі Польшча будзе заатакаваная з Усходу, войскі супраціўніка затрымаліся б толькі на лініі Віслы, аднак, не дзеля дзейснага супраціву, а з прычыны праблем з лагістыкай. Пры гэтым ён мяркуе, што не варта перабольшваць магчымасці NATO, а разлічваць на ўласныя сілы.

«Звяз створаны для таго, каб усе стораны ім карысталіся. Калі Польшча не будзе клапаціцца аб сваіх узброеных сілах, то не будзе ахвотных, каб нам дапамагчы», - кажа ён.

Былы камандзір спецвойскаў адзначыў, што класічны ўзброены канфлікт у стылі Другой сусветнай вайны сёння малаімаверны, аднак нельга выключаць пэўных акцый, якія маглі б дэстабілізаваць сітуацыю ў Польшчы ці паўтарэння «грузінскага варыянту», калі расейскае войска пачало ваенныя дзеянні пад маркай абароны сэпаратыстаў у Закаўказскай дзяржаве.

«Больш праўдападобнымі выглядаюць аперацыі меншага маштабу, напрыклад, акцыі спецвойскаў пад выглядам тэрарыстаў на тэрыторыі Польшчы. Гэта выклікае ў мяне найбольшую ўстурбаванасць. У выпадку вайны паводле «грузінскага сцэнару», мы не здолеем абараніць уласную тэрыторыю, і падтрымка будзе больш сімвалічнай. Да такога варыянта трэба быць гатовым, бо ён не выключаны. Канфлікт можа паўстаць, напрыклад, на фоне супярэчнасцяў і спрэчак у сфэры энергетыкі», - кажа генерал.

Вучэнні «Захад-2013» пройдуць на тэрыторыі нашай краіны з 20 да 26 верасня. У іх возьмуць удзел вайскоўцы узброеных сіл як Беларусі, так і Расеі. У адпаведнасці з задумай будучага вучэння, колькасць у ім войскаў-удзельнікаў, прыцягваных баявых танкаў, баявых браняваных машын, самаходнай і буксіраванай артылерыі, колькасць запланаваных самалётавылетаў не перасягае ўзровень, якi падлягае абавязковаму назіранні за пэўнымі тыпамі вайсковай дзейнасці, які ўстанаўлецца рознымі ўмовамі і пагадненнямі ў галіне кантролю над узбраеннямі.

Правядзенне вучэнняў ўжо выклікала неспакой сярод суседзяў Беларусі. Сваю заклапочанасць у сувязі з імі выказалі прадстаўнікі ўлад суседніх дзяржаў-чальцоў NATO. Былы міністр абароны Польшчы Рамуальд Шарамецьеў заявіў аб тым, што Беларусь і Расея рыхтуюцца да вайны з яго краінай.

Эксперты мяркую, што яны будуць нагадваць гучныя вучэнні «Захад-2009». Тады ў супольных манеўрах узялі ўдзел больш за 12 тысяч вайскоўцаў, афіцыйна яны былі названыя абароннымі, закліканымі падтрымаць стратэгічную стабільнасць у рэгіёне. Аднак у іх сцэнары, паводле некаторых паведамленняў, быў прадугледжана напад на тэрыторыю балтыйскіх краін і прэвентыўны ядзерны ўдар па Варшаве.

Напісаць каментар 123

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках