29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Дашкевіч сыходзіць з «Маладога фронту»

47
Зміцер Дашкевіч сыходзіць з «Маладога фронту»

Палітык патлумачыў гэтае рашэнне, у першую чаргу, сваім узростам.

«Мне 32 гады, і калі ты прыходзіш у арганізацыю, дзе палове людзей 16 гадоў, вы думаеце рознымі катэгорыямі», - сказаў ён падчас онлайн-канферэнцыі на сайце БелаПАН.

Зміцер Дашкевіч перакананы, што яму знойдзецца годная замена. «Маладым фронтам» будуць кіраваць ужо новыя лідары - больш перспектыўныя, больш крэатыўныя, якія, я перакананы, і прывядуць яго да нашай агульнай перамогі», - сказаў палітык.

Ці пакіне арганізацыю яго жонка Анастасія Дашкевіч, якая зараз з'яўляецца намеснікам старшыні «Маладога фронту», Зміцер пакуль не ведае.

Падчас онлайн-канферэнцыі Дашкевіч неаднаразова заяўляў пра сваю падтрымку Паўла Севярынца, сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), які быў асуджаны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года і зараз адбывае пакаранне ў спецкамендатуры №7 у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці.

«Калі Павел Севярынец прыме рашэнне балатавацца на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, я буду рыць за яго днём і ноччу, і я ведаю, што будуць рыць тысячы людзей, бясплатна і самаахвярна», - сказаў Дашкевіч.

БХД блізкая Дашкевічу па поглядах. «Але я пакуль не хачу далучацца ні да адной палітычнай структуры ці ствараць сваю», - падкрэсліў ён.

Пры гэтым Зміцер Дашкевіч мае намер працягваць грамадска-палітычную дзейнасць, формы якой вызначыць у бліжэйшы час. «Я магу данесці сваё слова, тое, чым я жыву, больш эфектыўна іншымі сродкамі», - адзначыў ён.

У бліжэйшай будучыні Дашкевіч збіраецца сістэматызаваць напісанае ім у турме. «І, калі Бог дасць мудрасці і сіл, напісаць што-небудзь больш сур'ёзнае, паступова выдаючы гэта», - распавёў палітык пра свае планы.

Зміцер Дашкевіч таксама плануе ў бліжэйшы час пайсці на біржу працы Завадскога раёна, у якім ён зарэгістраваны. «Я папрашу ўладкаваць мяне на працу па маёй адукацыі - настаўнікам рускай мовы і літаратуры», - сказаў ён.

Зрэшты, Дашкевіч сумняваецца ў тым, што знойдзе такую працу. «Таму ўжо зараз шукаю магчымасць незалежнага заробку праз сціплую літаратурную працу, якой прысвячу бліжэйшыя паўгода-год», - сказаў ён.

32-гадовы Зміцер Дашкевіч вызваліўся з гродзенскай турмы №1 28 жніўня. Ён правёў у зняволенні 986 дзён па абвінавачванні ў «асабліва злосным хуліганстве».

Ён і яго таварыш па «Маладым фронце» Эдуард Лобаў былі затрыманыя ў Менску 18 снежня 2010 года, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў. Іх абвінавацілі ў збіванні двух менчукоў. Нягледзячы на тое што маладафронтаўцы катэгарычна адмаўлялі абвінавачвання і заяўлялі, што не знаёмыя з нібыта пацярпелымі, суд Маскоўскага раёна сталіцы 24 сакавіка 2011 года прызнаў іх вінаватымі ў асабліва злосным хуліганстве. Дашкевіча прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Лобава - да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Затрыманне актывістаў «Маладога фронту» прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную меру міліцыі напярэдадні выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі абвясцілі Дашкевіча і Лобава палітвязнямі.

Фота: bnp.by

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках