Дэпутатам Дзярждумы загадалі здаць дыппашпарты
16- 28.10.2014, 16:44
- 19,335
Старшыня Дзярждумы РФ Сяргей Нарышкін распарадзіўся да 31 кастрычнiка здаць выдадзеныя дэпутатам дыпламатычныя пашпарты.
Нарышкін адправіў кіраўнікам думскіх фракцый лісты з просьбай "арганізаваць працу" ў вяртанні дыпламатычных пашпартоў дэпутатаў да 31 кастрычніка, а ў далейшым забяспечыць строгае захаванне рэжыму іх выдачы і здачы, паведамляе РБК.
Паводле звестак упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Дзярждумы, дэпутатамі парушаецца парадак атрымання, выкарыстання і здачы на захоўванне дыпламатычных пашпартоў, гаворыцца ў звароце Нарышкіна.
"Ва ўмовах пагаршэння стасункаў з краінамі ЕЗ і ўвядзення санкцый з боку ЗША, ЕЗ і Японіі парушэнне дэпутатамі Дзярждумы парадку выкарыстання дыпламатычных пашпартоў можа выклікаць непрадказальныя наступствы", - тлумачыць спікер.
Аднак, як заявіў выключаны са "Справядлівай Расіі" Дзмітрый Гудкоў, гэта "трэнд на прыніжэнне" і жаданне кіраўніцтва Дзярждумы рэгуляваць паездкі дэпутатаў, у асаблівасці, апазіцыйных.
"Каб, напрыклад, Гудкоў не змог з дыпламатычным пашпартам паехаць у Нямеччыну ўзяць удзел у канферэнцыі, прысвечанай барацьбе з карупцыяй", - кажа ён.
Са слоў Гудкова, ён скарыстаўся ім толькі адзін раз - калі паехаў з дэпутатам Іллёй Панамаровым у Адэсу, калі ж да гэтага ён прасіў выдаць яму пашпарт для паездкі ў Еўропу, то не атрымаў яго.
Нагадаем, Дзмітрый Гудкоў адзін з нямногіх расейскіх дэпутатаў, які ўстрымаўся ад галасавання за ўваходжанне Крыму ў склад РФ.
Фота: Reuters