Парашэнка прыгразіў баевікам «жорсткім эканамічным рэжымам»
42- 4.11.2014, 19:03
- 26,858
Украіна можа ўвесці больш жорсткі эканамічны рэжым у Данецкай і Луганскай абласцях з прычыны правядзення там псеўдавыбараў.
Пра гэта заявіў на пасяджэнні СНБА прэзідэнт Пётр Парашэнка, піша "Украінская праўда".
"Я не выключаю, што следствам сённяшняга пасяджэння можа стаць ўзмацненне жорсткасці рэжыму перасячэння блокпостаў, з абмежаваннем руху тых, хто можа складаць пагрозу адпраўкі да нас выведвальна-дыверсійных груп. Я не выключаю, што эканамічны рэжым мы вымушаны будзем зрабіць больш жорсткім", - заявіў Парашэнка.
Ён нагадаў, што Украіна прадаўжае забяспечваць тэрыторыі, падкантрольныя тэрарыстам, электраэнергіяй і газам.
"Мы прадаўжаем несці цяжар, не атрымліваючы ні капейкі ні за электраэнергію, ні за газ. Прадаўжаем ацяпляць Данецк і Луганск ва ўмовах мінусовых тэмператур. Хоць, паводле закону, мы ўжо даўно павінны былі адключыць і ацяпленне, і энергазабеспячэнне", - сказаў Парашэнка.
Пры гэтым прэзідэнт паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб мірныя грамадзяне не пацярпелі, хоць і прызнаў, што псеўдавыбары на Данбасе "адкінулі ад вырашэння гэтых найважнейшых соцпытанняў".
Фота: AP/Sergei Grits