28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Васіль Парфянкоў: Мне паабяцалі, што жыць у Беларусі не дадуць

12
Васіль Парфянкоў: Мне паабяцалі, што жыць у Беларусі не дадуць

Улады гатовыя кінуць за краты любога нязгоднага.

Былы палітвязень Васіль Парфянкоў сёння быў вызвалены. Ён адбыў у калоніі свой трэці тэрмін пасля 2010 года. Тады актывіста прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму ў рамках справы аб «масавых беспарадках» на Плошчы Незалежнасці ў Мінску, калі дзясяткі тысяч беларусаў выйшлі пратэставаць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У жніўні таго ж года асуджаны выйшаў на волю на падставе ўказа аб памілаванні. Знаходзячыся ў зняволенні, ён сачыў за падзеямі, якія адбываліся ў свеце і распавёў charter97.org аб тым, як да яго ставіліся ў турме і што трэба рабіць, каб людзей перасталі саджаць ні за што.

- Частку тэрміну Вы правялі ў калоніі №9 у Горках. Раней там быў Зміцер Дашкевіч. Якое да Вас было стаўленне? Ці адрознівалася яно ад стаўлення да звычайных вязняў?

- Магу сказаць адно: Дашкевіча там яшчэ памятаюць, добра памятаюць. Кіраўніцтва калоніі асабіста. Калі я быў на прыёме ў начальніка калоніі, там было ўсё вышэйшае кіраўніцтва, яны мне сказалі: «Тут табе не курорт. Будзь гатовы». Я сказаў, што гатовы. Быў не тое каб ціск, а прыдзіркі з іх боку. Калі б гэта быў звычайны зняволены, такі, які сядзіць паводле крымінальнага артыкула - яны б на нешта заплюшчвалі вочы. А ў мяне было пакаранне за найменшыя правіны: не там прысеў, не туды глянуў - адразу чарговыя «суткі», ШІЗА і гэтак далей. Я прывык і на мой стан гэта ўжо ніяк не ўплывала, гэта былі проста прыкрыя непаразуменні для мяне.

- Ці будзе за Вамі ўсталяваны нагляд пасля вызвалення? Ці былі якія-небудзь патрабаванні з боку праваахоўных органаў з нагоды грамадскай дзейнасці пасля вызвалення?

- Так, усталяваны нагляд на год. Ніякіх асаблівых патрабаванняў не было. Але мне далі зразумець, што спакойна мне жыць і працаваць не дадуць. «Лепш бы табе куды-небудзь з'ехаць», - кажуць... А я ім: «Ну куды я паеду? Гэта мая зямля, мой дом!».

- Праз вашу грамадскую дзейнасцб вас яшчэ да арышту паводле крымінальнай справы кінулі ў ЛПП. У траўні мінулага года такім жа пакараннем пагражалі іншаму актывісту апазіцыі - Дзмітрыю Паліенку. Перад Чэмпіянатам свету ў Менску, паводле паведамленняў актывістаў апазіцыі і праваабаронцаў, у ЛПП былі накіраваныя сотні бяздомных жыхароў сталіцы. Ці можна ўважаць ЛПП за інструмент рэпрэсій? Наколькі апраўдана знаходжанне там сотняў тысяч людзей?

- Разумееце, ЛПП - гэта старая савецкая спадчына. Не ведаю, ці рэпрэсіі гэта, але тое, што гэта ніякае не лячэнне - дык гэта дакладна. Там не лечаць ніякім чынам! Людзі там проста працуюць, у іх звычайны васьмігадзінны працоўны дзень, напрыклад, на будоўлі, за сімвалічныя заробкі. Ім плацяць мізер - напрыклад, мільён у месяц. Танная рабочая сіла - вось і ўсё. Можа быць, чымсьці гэты метад і карысны - напрыклад, для п'яніц, якія збіраюцца штодня ў крамы. Іх, магчыма, і праўда трэба неяк прыбіраць ад звычайных людзей, але там сядзіць шмат тых, каго можна было б туды і не адпраўляць. Яны там проста таму, што яны могуць працаваць. Фактычна, такіх людзей выкарыстоўваюць як рабоў.

- Як Вы ацэньваеце сітуацыю ў краіне з улікам таго, што найбліжэйшы год - год прэзідэнцкіх «выбараў»?

- Відавочна, што ціск на дэмакратычных актывістаў не спыняецца. Мы бачым, што з'яўляюцца новыя палітвязні. Ведаю, што, скажам, Юрыю Рубцову далі «хімію» нібыта за абразу суддзі. І тое, што адбывалася падчас хакейнага чэмпіянату, - гэта ўсё, вядома, ганьба для беларускіх уладаў, такога ў еўрапейскай краіне быць не павінна, а яны спрабуюць Беларусь пазіцыянаваць менавіта так. Трэба з гэтым змагацца, нешта мяняць, бо жыць так немагчыма. Вядома, не хацелася б, каб гэта адбывалася так, як ва Украіне - з крывёю, з вайной... Але не ведаю... прыдумаем, як будзем змагацца далей.

- Вам, напэўна, вядома, што працягваецца ціск на апазіцыйных актывістаў. Нядаўна стала вядома, што Паўла Вінаградава вымусілі з'ехаць з Менска. Людзей затрымліваюць перад кожнай буйной акцыяй. Як змагацца ў такой сітуацыі?

- Беларусі неабходныя татальныя рэформы судовай сістэмы - крымінальнага, адміністрацыйнага кодэкса. Шмат артыкулаў трэба проста прыбіраць, бо людзей, фактычна, садзяць ні за што. Нават калі я сядзеў на зоне, я бачыў шмат людзей, якіх можна было б ад грамадства і не ізаляваць. У іх нейкія, напрыклад, эканамічныя парушэнні... Так ім трэба было даваць пакаранне, калі б сапраўды было даказана, што яны вінаватыя ў сур'ёзным злачынстве - той жа ІТР, каб яны адпрацоўвалі, напрыклад. Да гэтага неабходна ісці, але пры сённяшнім рэжыме людзей, якія нешта спрабуюць распавядаць і рабіць, якія ведаюць праўду - іх проста трымаюць у страху. Лепшых людзей Беларусі робяць алкаголікамі - у мяне была гэтая сітуацыя з ЛПП, цяпер тым жа чынам пагражаюць Паўлу Вінаградаву. Цяпер ён з'язджае да бацькі ў Беразіно, не ведаю, ці дапаможа яму гэта. Дай Бог, каб ён быў на волі, але калі яны захочуць яго ізаляваць - яны гэта зробяць. Як і любога з нас, тых, хто стаіць за праўду.

- Якой павінна быць палітыка дэмакратычных краін у дачыненні да Беларусі для таго, каб дамагчыся вызвалення палітвязняў?

- Відаць, што цяпер і еўрапейскія краіны, і Штаты на аснове таго, што Лукашэнка цяпер пазіцыянуе сябе як нейкага міратворца у сітуацыі з Украінай, пачалі даваць яму паблажкі. Тое ж пытанне палітвязняў стала менш гучаць у еўрапейскіх краінах і ў Еўрапарламенце. Гэта, вядома, дрэнна. Неабходна, каб гэтая тэма і далей гучала. Пра гэта трэба крычаць, а не маўчаць. Беларусь - гэта адзіная краіна ў Еўропе, дзе людзей, якія змагаюцца цяпер за тое, каб жыць па-чалавечы, кідаюць за гэта ў турмы.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках