Алегу Бябеніну споўнілася б 40 гадоў
33- 14.06.2014, 14:20
- 32,336
Сёння дзень нараджэння заснавальніка сайта charter97.org Алега Бябеніна.
Журналіст быў знойдзены павешаным 3 верасня 2010 года на лецішчы пад Менскам. Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта самагубства. Аднак смерць Алега Бябеніна выклікае шмат пытанняў.
Судмедэксперты блытаюцца нават у даце яе наступу. Алег Бябенін не пакінуў пасля сябе ніякай цыдулкі. Сябры і калегі журналіста, якія былі на месцы здарэння, заяўляюць пра наяўнасць на яго целе слядоў насілля. Пракуратура пыніла «праверку» ў дачыненні да смерці Алега Бябеніна праз некалькі месяцаў пасля яе пачатку, нягледзячы на патрабаванні міжнародных арганізацый і праваабаронцаў аб правядзенні належнага расследавання.
Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці заявілі пра «палітычнае забойства». Смерць Алега Бябеніна адбылася напярэдадні старту прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, якая скончылася брутальным разгонам Плошчы ў Менску. Журналіст уваходзіў у каманду аднаго з галоўных канкурэнтаў Лукашэнкі - лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Санікава. Усе памятаюць, чым скончылася супрацьстаянне з уладай для некаторых апанентаў рэжыму напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 года. Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Дзмітрый Завадскі былі выкрадзеныя і забітыя.