5 сакавiка 2024, aўторак, 14:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ніл Гілевіч: За 20 гадоў няўжо не пераканаліся, што выбараў у Беларусі няма?

15
Ніл Гілевіч: За 20 гадоў няўжо не пераканаліся, што выбараў у Беларусі няма?
Ніл Гілевіч

30 верасня народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу споўнілася 84 гады.

Ён некалькі гадоў не выходзіць са сваёй кватэры на вуліцы Карла Маркса, але па-ранейшаму сочыць за навінамі, шчыра цікавіцца беларускай літаратурай і палітыкай.

За сваю пенсію былога прафесара БДУ, дэпутата беларускага парламента ён выдаў 23 тамы ўласнага Збору твораў. Аднак праца над спадчынай не скончаная: рыхтуюцца яшчэ сем дадатковых тамоў з тых матэрыялаў, якія адшукаліся зусім нядаўна. Цягам некалькіх гадоў Ніл Гілевіч адмаўляў журналістам у інтэрв'ю. Але для прэс-службы Саюза беларускіх пісьменнікаў зрабіў выключэнне. Прыводзім вытрымкі з інтэрв'ю:

- Вы кажаце, што праз радыё і газеты сочыце за грамадска-палітычнай сітуацыяй. Якое ў вас склалася меркаванне аб чарговых прэзідэнцкіх «выбарах», калі можна ўжываць тут гэта гучнае слова.

- Апошні раз я ўдзельнічаў у выбарах у 1994 годзе. Пасля вельмі хутка зразумеў, што з намі здарылася, з нашай Беларуссю. Выбараў сапраўдных, сапраўдных, як ва ўсіх дэмакратычных краінах, у нас не можа быць, пакуль не зменіцца сітуацыя. З павагі да сябе, да свайго разумення, што такое дэмакратыя і абавязкі кіраўнікоў дэмакратычнай краіны, я не хачу прыніжаць сябе і ўдзельнічаць у гэтым нават намінальна. І на гэты раз, што б ні казалі, што б ні абяцалі, усё застанецца як было. Мы павінны былі ісці шляхам, як у найбольш перадавых еўрапейскіх краінах: тэрмін прэзідэнцтва - максімум дзве кадэнцыі. Не больш за гэта. А ў нас, бачыце, дваццаць адзін год - адзін і той жа правадыр.

Хочаш не хочаш, атрымліваецца, што тыя, хто будзе ўдзельнічаць у «выбарах», гэтым самым сваім удзелам працуюць на аднаго кандыдата. У Еўропе гавораць: балатаваліся ж вы, але не прайшлі, і народ абраў іншага. А як ён абярэ, калі ў яго даўно ніхто не пытае. За дваццаць гадоў няўжо не пераканаліся, што сапраўдных выбараў няма?..

- Але як змяніць гэтую сітуацыю?

- Адна партыя ці група не зменіць нічога. Толькі Майдан зменіць. Як ва Украіне: быў Януковіч - і няма Януковіча. Выйшаў народ. Таму ўсе свядомыя барацьбіты за беларускую Беларусь павінны рыхтаваць народ. А ён выйдзе тады, калі будзе гэтак жа нацыянальна выхаваны і патрыятычна настроены, як украінскі народ. Нам яшчэ далёка да гэтага. Бо інакш як выйдзе ўвесь народ, нават не дзесяткі тысяч, а сотні, калі не разумеюць галоўнай задачы? І думаюць, што я прагаласую за таго, каго я хачу, і ўсё на гэтым. Ну і што? Даўно было сказана: выйграе не той, хто галасуе, а той, хто падлічвае галасы.

Але апускаць рукі ў бяздзейнасці і маўчаць нельга. Трэба як мага больш актыўна тлумачыць народу, у чым наша слабасць. Простыя людзі і ў гэтым годзе спадзяюцца, што пасля выбараў зажывуць лепш, багацей. Трэба ж разумець, калі гэта можа адбыцца. Няма іншага шляху, як асветніцтва ў народзе. Памятаеце, чыталі, як пры цары яшчэ дэмакратычная інтэлігенцыя ставіла задачу асветніцтва сярод мас. Цёмныя масы могуць падарвацца, але чаго гэтым дасягнуць? Таго, што на змену аднаму дыктатару прыйдзе другі, на змену другому - трэці. Таму колькі ёсць магчымасцяў, хоць яны не такія вялікія, колькі ёсць сіл, трэба гаварыць з людзьмі, тлумачыць, якім чынам мы можам павярнуць у іншы бок усю сітуацыю. Так як людзі рабілі. Не мы першыя, ні мы апошнія.

Глядзіце, найбольш даступны нам прыклад. Возьмем Польшчу. Дзвесце з лішнім гадоў таму царская Расея на пару з Прусіяй і Аўстрыяй разарвалі Польшчу. Нават сталіца Польшчы апынулася ў складзе Расейскай імперыі, там быў заснаваны рускі ўніверсітэт, і ўсе важнейшыя, галоўныя парадкі былі ўстаноўленыя такія ж, як і ў Расеі. Але ёсць адно вялікае «але»: польская інтэлігенцыя, а ўслед за ёю і польскі народ, не зракліся ад польскай мовы. Наадварот, узяліся яшчэ з большым натхненнем выхоўваць нацыянальны польскі патрыятызм.

І як толькі наступіў гістарычны момант, 1918, уваскрэсла Польшча, атрымала дапамогу ад іншых дзяржаў і настолькі адчула ўнутраныя сілы, што ў наступным годзе пайшла вайной на савецкую Расею. Вось што значыць - не страцілі нацыянальны дух, нацыянальная годнасць, павага да сваёй польскай культуры і мовы. Пасля апошняй вайны навязаў Іосіф Вісарыёнавіч Польшчы такія ж парадкі, як і для ўсяго сацыялістычнага лагера. Трывалі, але і пры сацыялістычных парадках як заквітнела польская культура, літаратура, мастацтва. І як падышоў час - і ніякай крамлёўскай апекі. Вазьміце Прыбалтыку: здавалася, так прыдушылі, што далей няма куды. А што мы бачым цяпер? Нам ёсць з каго браць прыклад - з нашых суседзяў.

- Пытанне напрыканцы: што б вы маглі пажадаць новым пакаленням беларускіх літаратараў і наогул беларускай моладзі? Якой бачыцца вам іх сучаснасць і іх будучыня?

- Нядаўна Барыс Пятровіч прынёс цэлых шэсць новых кніжачак. З большасцю іх аўтараў я не знаёмы. Што выходзіць велічэзная колькасць кніг маладых, мяне вельмі радуе. Не важна, што ўсе яны і не на тым узроўні, на якім хацелася б бачыць. Так было ва ўсе часы. Ёсць таленавітыя, ёсць вельмі таленавітыя, ёсць, дай Бог, геніі. І ёсць слабыя, але не безнадзейныя. Калі карыснае могуць рабіць - няхай робяць! Калі трапляецца зусім пустое Графаманства - што ж з таго, так і сто гадоў таму было. Ну, добра, вось шэсць, дзесяць, сто кніжак. Але нават калі палова будзе вартая ўвагі - і то дзякуй Богу. Так што дапамажы Божа. Вядома, вельмі мала магу я чытаць, а па радыё з той кагорты маладых, якую я хачу пачуць, дзяржрадыё нікога не перадае, а пускае як раз тых, якія мала даюць падстаў ганарыцца. Я вельмі ўзрадаваўся, калі пачуў, што пачалі вяртацца ў наш Саюз беларускіх пісьменнікаў некаторыя таленавітыя людзі. Тое, што яны былі ў праўладным, я не асуджаю. У кожнага ёсць маленькія дзеці, сям'я, а чым карміць, калі прыгразілі, што паляціш з працы? Што ж, можна змірыцца, але часова. Можна змірыцца, але нельга рабіць подласць, як некаторыя.

У мяне на маладых вялікая-вялікая надзея. Я калісьці і верш напісаў «Кліч да беларускай моладзі» і заклікаў не падаць духам. "Не падайце духам, хлопцы, І гнеў не тапіце ў стопцы». Толькі так. Я пры гэтым разважаю, што не можа ўсё насельніцтва, увесь народ да такой ступені страціць розум, каб адмовіцца ад абароны сваёй Айчыны. Сярод моладзі ўсё больш і больш тых, хто ўсё разумее. Таму і ходзяць і на курсы беларускай мовы, пішуць на роднай мове, і выдаюць, і чытаюць. Ну, і на мітынгі ідуць. Я надзей не губляю. Я веру. Калі я заклікаў «не падаць духам», то ясна, што і сам не падаю. Вельмі бывае цяжкі настрой ад усёй брыдоты, якую бачыш, чуеш. Але, як у народзе кажуць, перажылі зіму, перажывем і лета...

Мяне заўсёды падтрымлівае веданне, як выстаялі еўрапейскія народы, не проста меншыя па колькасці насельніцтва, чым Беларусь, а ў некалькі разоў меншыя. Славенцы квітнеюць. Чарнагорцы, македонцы, славакі, фіны. Нават чэхаў і балгараў менш, чым беларусаў. І трымаюцца, не скардзяцца Богу на свой лёс. Тут можна задыхнуцца ад крыўды: чаму беларусы нічога не бачаць і не разумеюць? Дзякуй Богу, моладзь пачала разумець, асабліва як сталі ездзіць за мяжу.

Будзем аптымістамі, іншага не дадзена. Будзем верыць у нашу праўду, у нашу перамогу.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках