Мікалай Статкевіч: Пяць гадоў ніхто чакаць не будзе
54- 16.10.2015, 15:33
- 33,974
Змены ў Беларусі адбудуцца вельмі хутка, і ніхто не будзе чакаць да наступных «выбараў».
Адзін з лідараў беларускай апазіцыі, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч у інтэрв'ю charter97.org падкрэсліў, што сітуацыя ў Беларусі аб'ектыўна павінна змяніцца да лепшага.
- Для многіх у Беларусі вы сталі ўзорам бадзёрасці духу. Цяпер, пасля чарговых «выбараў» з прадказальным вынікам, частка грамадства задае пытанне - калі нарэшце адбудуцца перамены? Што б вы маглі адказаць на гэтае пытанне? Як вы ацэньваеце сітуацыю ў Беларусі пасля 11 кастрычніка?
- З боку часам сапраўды можа здацца, што ў Беларусі не адбываецца нічога новага. Але мне добра відаць, што за апошнія 20 гадоў у Беларусі адбыліся каласальныя змены. Прыход Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе быў аб'ектыўным. Гэта было напалоханае пераменамі савецкае грамадства, дзе толькі адна трэць уважалі сябе за беларусаў і хацелі незалежнасці.
Цяпер жа адбыліся каласальныя змены ў грамадскай свядомасці. Мы нарэшце сталі нацыяй: хай не зусім такой, як некаторым уяўлялася, але ўсё-ткі нацыяй. Ужо больш за 30% прызнаюцца сацыёлагам - а гэта трэба мець мужнасць у нашых варунках - што яны хочуць дэмакратыі і сапраўднай свабоды і разумеюць, што такое дэмакратыя.
Пераменаў жа ў Беларусі жадае пераважная большасць. І сёння мы гатовыя змагацца за незалежнасць з кожным суседам. Перамены ў грамадстве аб'ектыўна адбываюцца.
Да іх жа трэба дадаць перамены ў эканоміцы. Калі 20 гадоў таму Лукашэнка пачаў вяртанне да савецкіх парадкаў у эканоміцы, і гэта многім здавалася прагрэсам на фоне нечаканага эканамічнага эксперыменту ў нашых суседзяў на ўсходзе, то цяпер нават іх эканоміка перастала быць датацыйнай: там ёсць прыватная ўласнасць, там жывая эканоміка. Якая б яна ні была - але яна жывая, ёй не трэба датацый.
У нас - наадварот, усё папярэдняе кіраванне Лукашэнкі «вылазіць» цяпер бокам: сельская гаспадарка як была датацыйнай, так і засталася такой. Крах вялікага «калгасу» ўжо стаў відавочным: нават калі падкінуць крэдытаў - гэтага хопіць максімум на год.
У Беларусі ўсё стала пэўным: людзі хочуць пераменаў. Ужо ні для каго гэты чалавек не «бацька» - а толькі назойлівая «гаворачая галава» з тэлевізара. Калі людзі хочуць пераменаў - страхам іх доўга не ўтрымаеш.
«Сіла» гэтай улады ўжо даўно перамясцілася з Менска ў Маскву. Пра Лукашэнку можна сказаць, што гэта проста сварлівая марыянетка Крамля. А рэсурсы Крамля ўжо на зыходзе: яны пойдуць на чарговую «вайнушку».
Перамены ў Беларусі ўжо адчуваюцца. Яны не будуць звязаныя ні з якімі «выбарамі». Пяць гадоў ніхто чакаць не будзе. Перамены прыйдуць спантанна і вельмі хутка, таму ўсім нам трэба быць вельмі пільнымі, каб у выніку гэтых пераменаў нам не падкінулі з боку «Лукашэнку-2».
Я радуюся таму, што жыву ў Беларусі: у нас цудоўная краіна, добрыя і добразычлівыя людзі вакол. Бяда толькі адна: 20 гадоў таму мы зрабілі памылку. Але не трэба стала думаць пра гэты персанаж, які нашай памылкай скарыстаўся. Давайце лепш думаць, як добра будзе без яго. Наша краіна - цудоўная, і ўсё ў нас будзе добра.