5 сакавiка 2024, aўторак, 12:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» у Варшаве: За вашу і нашу свабоду!

2
Канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» у Варшаве: За вашу і нашу свабоду!
Фото: charter97.org

Канцэрт салідарнасці з Беларуссю адбыўся ў цэнтры польскай сталіцы.

Яго дэвіз - «Свабода без межаў». Канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» праходзіць у Варшаве ўжо ў дзявяты раз. У гэтым годзе яго вырашылі правесці не вясной, як было раней, а сёння, 2 кастрычніка ў сувязі з прэзідэнцкімі «выбарамі» у Беларусі. Месца правядзення - плошча перад Палацам навукі і культуры, пачатак - а 18:00 паводле мясцовага часу (19:00 паводле Менску).

Як паведамляе карэспандэнт charter97.org, ужо да пачатку канцэрта на крытай пляцоўцы, дзе ён адбываецца, сабралася каля сотні беларусаў з нацыянальнымі сцягамі. Першай выступіла беларуская група «Амплітуда смеласці». Сярод кампазіцый, якія выканалі музыкі - песні на словы Генадзя Бураўкіна. Вакаліст «Амплітуда смеласці» Пётр Клюеў распавёў са сцэны пра праблемы падчас выезду з Беларусі - памежнікі адмаўляліся выпускаць яго з краіны.

«Амплітуда смеласці»

Акрамя бел-чырвона-белых сцягоў над гледачамі развяваюцца ўкраінскія і крымска-татарскія сімвалы.

«Амплітуда смеласці» скончыла выступ словамі "Жыве Беларусь!" І "Слава Ўкраіне!».

«Амплітуда смеласці»

Арганізатары мерапрыемства са сцэны распавялі пра мэты акцыі і падзякавалі спонсараў канцэрту. З'явіўся сцяг крымскіх татараў.

Наступнай выступіла Руся і ейная група Shuma.

«Shuma»

Пасля гэтага перад прысутнымі выступіў Генрык Вуец - польскі палітык, грамадскі і прафсаюзны дзеяч, адзін з заснавальнікаў КОС-КОР, чалец усяпольскай камісіі прафсаюза «Салідарнасць». Ён падкрэсліў важнасць узаемнай падтрымкі палякаў, беларусаў і ўкраінцаў у іхняй барацьбе за свабоду.

Гаворка палітыка была сустрэтая апладысментамі. Канцэрт працягнулі польскія выканаўцы, першай з якіх стала Аня Русовіч.

Аня Русовіч

Фота: charter97.org

Перад прысутнымі выступілі беларускія і ўкраінскія актывісты. Наталля Панчанка з варшаўскага Еўрамайдана падзякавала нашых суайчыннікаў за падтрымку. «Вы былі разам у намі на Еўрамайдане, вы застаяцеся разам з намі на вайне. Дзякуй вам, беларусы», - сказала яна.

Франак Вячорка падкрэсліў, што за беларускай дыктатурай стаіць Расейская імперыя і заклікаў да барацьбы за незалежнасць.

Пасля ейны вакаліст гурта нагадаў пра трагічную гадавіну - 29 кастрычніка 1937 года. У гэты дзень у Менску былі расстраляныя сотні прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Наступная песня была прысвечаная менавіта гэтай падзеі.

Пасля гэтага на сцэну выйшла група «Дзецюкi» з Гародні. Найбольш цёпла людзі сустрэлі песню «За вашу і нашу свабоду», прысвечаную паўстанню Тадэвуша Касцюшкі.

«Дзецюкi»

Кампазіцыю «Чорны хлеб, чорная кава» пра камуністычныя рэпрэсіі Dzieciuki выканалі з польскім гуртом Hańba.

Dzieciuki і Hańba

У перапынку паміж выступамі музычных выканаўцаў мастак Алесь Пушкін паказаў са сцэны новы перфоманс пад песню Лявона Вольскага.

Пасля перфомансу на сцэну выйшаў польска-ўкраінскі калектыў Enej.

Наступнымі на сцэну выйшлі былы палітвязень і кандыдат на пасаду прэзідэнта Мікалай Статкевіч і моладзевы лідар Зміцер Дашкевіч. Яны падзякавалі прысутным за падтрымку і салідарнасць. Мікалай Статкевіч заклікаў працягваць барацьбу за свабоду Беларусі і падкрэсліў, што ад гэтага залежыць незалежнасць і суседніх краін. Людзі ў адказ сталі скандаваць «Жыве Беларусь» і «Герой».

Скончыўся канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» выступам украінскага гурта «Воплі Відаплясава».

Фота: charter97.org
Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках